Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як часта трэба хадзіць у царкву?


Сяргей Абламейка, Прага (эфір 21 кастрычніка) Чаму я павінен хадзіць кожную нядзелю на службу? Сама ж царква кажа, што Бог усёведны і ўсюдыпрысутны – чаму ж тады я не магу памаліцца, напрыклад, у аўторак ці сераду ў лесе? Прыблізна такія пытаньні атрымлівае ад чытачоў чэская газэта “Tydenik Katolicky” і робіць выснову, што нават зусім простыя рэчы трэба зноў і зноў тлумачыць людзям, бо за вакном ХХІ стагодзьдзе, і шмат з таго, што людзі ведалі раней, новае пакаленьне можа і ня ведаць.

Аўтар артыкулу пра нядзельныя набажэнствы ў чэскім “Tydeniku Katolickym” айцец Павал Капэчэк сьцьвярджае, што удзел у нядзельным набажэнстве – гэта вяршыня чалавечай веры і пабожнасьці і цытуе аднаго з афрыканскіх мучанікаў ІІІ-га стагодзьдзя: “Без нядзельнага ўслаўленьня сьвятой літургіі ня можам жыць”.

Вось жа вырашылі і мы ў сёньняшнім выпуску “Сымбаля веры” запытацца ў прадстаўнікоў розных канфэсіяў Беларусі пра іх традыцыі ўдзелу вернікаў у набажэнствах і пра крыніцы, зь якіх гэтыя традыцыі паўсталі.

Напачатку гаворыць менскі праваслаўны сьвятар айцец Яўген Грамыка.

(Грамыка: ) “Шмат людзей кажуць: “Я веру ў душы. Я – чалавек веруючы, мой Бог – у душы. Мне гэтага дастаткова, я так жыву”. Але да такога чалавека хочацца зьвярнуцца зь пытаньнем: “А што ты робіш для таго, каб даказаць, што ты веруючы чалавек?”.Бо без спраў, як напісана ў Сьвятым пісаньні, вера мёртвая. Вера мусіць быць абгрунтаваная пэўнымі добрымі справамі. Гэта ня толькі будзённыя справы. Трэба каб мы хадзілі ў царкву і імкнуліся больш спазнаць Бога. Імкнуцца найчасьцей зьвяртацца да яго і атрымаць бласлаўленьне на жыцьцё і справы. Самае галоўнае для верніка – годна правесьці зямное жыцьцё, каб пасьля перайсьці ў жыцьцё вечнае, каб менавіта прыйшлі да Бога.

А ў адпаведнасьці са звычаямі нашай праваслаўнай царквы, вернік мусіць наведваць храм кожную нядзелю. А дома маліцца кожны дзень, каб не забывалі на тое, што Бог заўсёды побач і што ён бачыць усе нашы добрыя і ня вельмі справы. Асабліва ў наш час, калі людзі, на жаль, вельмі часта забываюць пра гэты маральны закон, што вынікае зь хрысьціянскай веры.

Я хацеў бы яшчэ на станоўчы бок спаслацца. Ведаю людзей, якія распавядаюць , што раней, калі не наведвалі царкву, зьяжджалі на лецішча, там працавалі. А пасьля, калі ўсё-такі пачалі прыходзіць на нядзельныя богаслужэньні і былі першую палову дня ў царкве, толькі пасьля ехалі на лецішча, то казалі: “За паўдня зрабілі больш, чым раней за суботу і нядзелю”. Гэта такі станоўчы прыклад таго, чаму трэба царкву наведваць”.

Вось жа паводле айца Яўгена Грамыкі, удзел у нядзельных набажэнствах – гэта выкананьне хрысьціянскай формулы “бяз спраў вера мёртвая”. Удзел у набажэнстве набліжае вернікаў да выратаваньня.

А як часта католікі павінны хадзіць у царкву? Вось думка на гэты конт каталіцкага сьвятара, манаха-марыяніна з Росіцы ў Віцебскай вобласьці айца Андрэя Сідаровіча.

(кс.Андрэй Сідаровіч: ) “Каб добра адказаць на гэтае пытаньне трэба зьвярнуцца да істоты хрысьціянства. Хрысьціянства гэта рэлігія і вера адкрыцьця. Гэта азначае, што Бог першы аб’явіўся чалавеку, што Бог першы прыходзіць да чалавека. І, адпаведна, заключаючы Запавет, прапаноўвае нейкія свае ўмовы. І гаворыць, што ты, чалавек, маё стварэньне і маё дзіця, прымі запаведзі. Адна зь іх – гэта сьвяты дзень сьвяткаваць. І калі чалавек прымае гэтае адкрыцьцё, прымае запаведзі, то й прымае запаведзь сьвяткаваньня сьвятога дня. У нас, хрысьціянаў, гэта нядзеля. Гэта такое тлумачэньне чаму вернік павінен хадзіць у храм, асабліва ў нядзелю. Хрысьціянін-каталік мае абавязак адзін раз, абавязкова ў нядзелю, удзельнічаць у сьвятой службе. Можна сказаць, што гэта і абавязак і ўнутраная радасьць хрысьціяніна. У нядзелю ён сустракаецца са сваім Богам. Заўсёды разам з гэтымі абавязкамі ідзе ў пары абяцаньні. Выканай гэта і будзеш шчасьлівы. Будзеш заўсёды ў кантакце са мной. Чаму ня можна маліцца ў лесе ці зьбіраючы грыбы? Можна! Але абавязак хрысьціянін выконвае ў храме. Бо выконвае Божае слова. Хрысьціянства гэта не рэлігія, якую прыдумаў чалавек. Гэта не выдумка чалавека. Гэта адкрыцьцё, самааб’яўленьне жывога Бога”.

Такія вось думкі каталіцкага сьвятара-бірытуаліста, манаха-марыяніна айца Андрэя Сідаровіча. Ён сказаў, што ўдзел у нядзельным набажэнстве, гэта выкананьне божага прыказаньня сьвяткаваць сьвяты. Паводле католікаў і праваслаўных, нядзельныя багаслужбы – гэта не прыдумка царквы, але адзначэньне Хрыстовага ўваскрасеньня, якое адбылося ў нядзелю.

Аўтар артыкулу пра нядзельныя набажэнствы ў чэскім “Tydeniku Katolickym” айцец Павал Капэчэк піша, што пытаньні кшталту “чаму я павінен хадзіць у царкву” сьведчаць пра адну са шматлікіх цяжкасьцяў, зь якім цэрквы сустракаюцца ў наш час. Божаю ўсюдыпрысутнасьцю, піша ён, нельга тлумачыць занядбаньне ўдзелу ў набажэнствах, таму што тут няма простай сувязі. Літургічная актыўнасьць верніка – гэта праява веры і яна важная найперш для самога верніка. Хрысьціяне ходзяць у царкву і дзеля Бога таксама, але найперш – дзеля сябе і для сябе, дзеля сваёй веры. Нават калі нядзельнае багаслужба прэзэнтуецца, як абавязак ці царкоўнае прыказаньне, піша айцец Павал Капэчэк, то і ў гэтым выпадку яна мае галоўнае значэньне найперш для жыцьця чалавека ў яго веры. Таму што Бог, як лічыць царква, не складае сьпісу тых, хто быў у нядзелю на службе, а хто ня быў.

Мы запыталіся ў муфтыя Беларусі, як часта мусульманін павінен маліцца і хадзіць у мячэць

(Шабановіч: ) “У нас пяціразовы намаз: да ўсходу сонца, пасьля заходу сонца, паўдзённая, перадвячэрняя і начная малітвы. Там ёсьць свае правілы – колькі разоў пакланіцца, паклоны абавязковыя і не абавязковыя. Пятнічная малітва, пятнічны намаз – абавязковы для ўсіх вернікаў. Але ж калі хто на працы альбо хворы, то не абавязкова. Вам трэба зразумець, што іслам – самая набліжаная да чалавека рэлігія і ўсіх ягоных праблемаў. Абавязковыя пятнічныя намазы і сьвяточныя. Але калі чалавек хворы, то ён не павінны некуды дабірацца, ён можа і дома выканаць усе гэтыя рытуалы. У нас два самыя вялікія сьвяты – зараз заканчваецца месяц Рамадан і ад панядзелка распачнецца Рамадан-Байрам. Таксама ёсьць свае правілы. Да прыкладу, у пятнічнай малітве імам спачатку робіць казаньне, а пасьля праводзіць малітву, а ў сьвяты – наадварот. Падчас Рамадану – штодзённыя і начныя абавязковыя малітвы, пост. Усё гэта расьпісана паводле Карану”.

Вось жа паводле муфтыя Беларусі Абу-Бэкіра Шабановіча, мусульманіну не абавязкова ехаць у мячэць, калі гэта нязручна, дастаткова памаліцца дома. Агулам жа трэба маліцца пяць разоў на дзень і ў сьвяты.

Запыталіся мы пра патрэбу ўчашчаць да царквы і ў вядомага беларускага пратэстанцкага пастара Эрнста Сабілы.

(Сабіла: ) “Ці абавязкова верніку наведваць царкву? Гэты абавязак усталяваў сам Бог. Яшчэ паводле Старога Запавету жыдоўскаму народу быў загад: мужчынкаму роду тройчы на год зьяўляцца ў храм на набажэнства. Апостал Павал, пісаў да Жыдоў: “Не пакідайце сходу вашага”. Значыць сходы былі, а ў якія дні – гэта ўжо вырашае царква. Дома ня толькі можна, але і трэба маліцца, але Хрыстос сказаў, што калі вы згодзіцеся пра што маліцца і зьберацеся двое альбо трое, то там і я сярод вас. Што цяпер у хрысьціянаў? Таксама мы павінныя зьбірацца на некаторыя хрысьціянскія рытуалы, але як – вырашыць сама царква, сход прыналежнікаў. Мы зьбіраемся на набажэнствы кожную нядзельку, а таксама і ў будны дзень. А ў крызысныя станы дзеці Божыя зьбіраліся і цяпер зьбіраюцца штодня. Таксама мы сьвяткуем такія сьвяты, як нараджэньне Хрыстовае, Уваскрашэньне Хрыстовае альбо Пасху. А таксама Сашэсьце Духа Сьвятога на апосталаў. Па-расейску гэта Троіца, а па-беларуску Сёмуха. Вось гэтыя асноўныя падзеі мы і адзначаем нашымі набажэнствамі”.

Гаварыў пастар Эрнст Сабіла.

Наша карэспандэнтка Галіна Абакунчык выйшла на вуліцы Менску з пытаньнем, як часта чалавек павінен хадзіць у царкву.

(Карэспандэнтка: ) “На вашую думку, як часта чалавек, які верыць, павінны наведваць царкву?”

(Спадарыня: ) “Як сэрца яму падказвае. Маё меркаваньне такое. Калі ў мяне ёсьць час, то я схаджу і некалькі разоў на тыдзень”.

(Спадарыня: ) “Чалавек павінны бываць у царкве кожны тыдзень. Гэтага патрабуе нашая праваслаўная вера”.

(Спадар: ) “Я лічу, што па магчымасьці штодня. А ў кожнага свае магчымасьці і свая вера. Хто хоча жыць паводле правілаў Божых, той штодня павінны бываць”.

(Юначка: ) “Пэўна, тады, калі яму гэта неабходна, каб спавядацца, прыняць прычасьце, пахрысьціцца і ачысьціць сваю душу”.

(Спадар: ) “Праходжу каля царквы штодня. Штосьці пра сябе вымаўлю і іду далей. Бо я чалавек вельмі заняты і, можа быць, груба сказана, але губляць час ня маю магчымасьці”.

(Спадарыня: ) “Хаця б адзін раз на месяц чалавек павінны бываць у царкве. Каб ачысьціць сваю душу і быць бліжэй да Бога”.

Такія вось думкі менчукоў.

У сучаснай чалавечай супольнасьці можна сустрэцца са шматлікімі праявамі веры, з суполкамі і цэрквамі рознай канфэсійнай прыналежнасьці. З пункту гледжаньня хрысьціянскай тэалёгіі, розныя веры маюць розную якасьць – важна бо, у што чалавек верыць. Для хрысьціян гэта – Ісус Хрыстос, які сказаў: хто паверыць і пахрысьціцца, будзе ўратаваны. Вось жа менавіта літургія або імша – месца, дзе вернікі сустракаюцца з Хрыстом, які здольны ўнутрана зьмяніць іх і падрыхтаваць для Божага Валадарства. Хрысьціяне вераць, што такое спатканьне з Хрыстом магчымае толькі ў царкоўнай супольнасьці.

Хрысьціянскае багаслоўе ўважае, што чалавек ня верыць для таго, каб верыў, як і ня есьць ці п’е толькі для таго, каб есьці або піць. Ежаю і пітвом чалавек забясьпечвае сваё біялягічнае жыцьцё, таму, паводле царквы, ён і верыць, каб забясьпечыць сваё духоўнае жыцьцё, а шырэй – поўню жыцьця. Можна нават сказаць, што чалавек верыць дзеля пэўнай мэты, і мэта гэтая знаходзіцца па-за межамі гэтага сьвету, у Божай блізкасьці і праменях Яго сьвятла. Паводле ўжо цытаванага мной айца Паўла Капэчка, нават калі шмат людзей ня хочуць зазірнуць за далягляд свайго жыцьця, вера мае сваю лёгіку і яна не бессэнсоўная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG