Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стывэн Пайфэр: Беларусі трэба рыхтавацца да новай цаны на газ


Сяргей Абламейка, Прага Гэтымі днямі ў Празе адбываецца Энэргетычны форум, арганізаваны Радыё Свабода/Свабодная Эўропа і базаваным у Варшаве Інстытутам Усходніх дасьледаваньняў. Адзін зь яго ўдзельнікаў, былы пасол ЗША ва Ўкраіне Стывэн Пайфэр адказаў на пытаньні нашага Радыё аб магчымым разьвіцьці беларуска-расейскага крызысу вакол цэнаў на газ.

Вось як Стывэн Пайфэр адказаў на пытаньне, ці сапраўды, на яго думку, Расея падвысіць цэны на газ і наколькі?

(Пайфэр: ) “Я троху менш знаёмы з сытуацыяў ў Беларусі, але думаю, што для беларусаў было б занадта аптымістычна працягваць спадзявацца на старыя газавыя цэны. Як вядома, налета Ўкраіна будзе плаціць 130 даляраў за тысячу кубамэтраў, балтыйскія краіны плацяць 120 і гэты кошт будзе падвышацца. На такім фоне цяперашнія 47 даляраў для Беларусі выглядаюць больш чым падарунак... Думаю, што Беларусь паступіла б мудра, каб пачала думаць аб тым, што будзе пасьля падвышэньня цаны на расейскі газ”.

Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што Масква ня мае яснага ўяўленьня аб тым, што рабіць зь Беларусьсю. Як вядома, Лукашэнка адхіліў прапанаваныя Пуцінам у 2002 годзе варыянты як поўнага паглынаньня Беларусі Расеяй, так і інтэграцыі паводле мадэлі Эўразьвязу і выбраў трэці варыянт – Саюзнай дзяржавы. Карэспандэнт Радыё Свабода таксама запытаўся ў былога пасла ЗША ва Ўкраіне Стывэна Пайфэра аб магчымай будучыні палітычнага саюзу Беларусі і Расеі.

(Пайфэр: ) “Гэта ў канечным выніку залежыць ад саміх Беларусі і Расеі. Што мяне зьдзівіла, дык гэта тое, што абедзьве краіны гавораць аб палітычным саюзе з паловы 90-х гадоў, і пры гэтым ніхто ня бачыць рэальнага прасоўваньня наперад. Мне здаецца, што аж да сёньня Расея не хацела ісьці на затраты, якія могуць быць спалучаныя з палітычным аб’яднаньнем. Я таксама думаю, што калі Пуцін прапаноўваў Лукашэнку два варыянты – паглынаньне і мадэль Эўразьвязу – ён наўмысна даваў нешта непрымальнае для беларускага лідэра. На маю думку, абодвум бакам выгадныя размовы аб саюзе, але ніводны ня хоча ісьці на сапраўдныя інвэстыцыі для рэальнага аб’яднаньня. Цяперашняя сытуацыя – зручная для абодвух”.

Сказаў у інтэрвію Радыё Свабода былы пасол ЗША ва Ўкраіне Стывэн Пайфэр.
XS
SM
MD
LG