Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстанты галадаюць 19-ты дзень (фота)


Любоў Лунёва, Менск Ад першага дня галадоўку трымаюць 10 чалавек, якія кругласутачна знаходзяцца ў будынку менскай царквы “Новае жыцьцё”. Некалькім удзельнікам акцыі мэдыкі параілі спыніць галадоўку. Разам кругласутачна ў будынку знаходзяцца 14 галадоўнікаў. Яшчэ каля сотні вернікаў-пратэстантаў у Менску і ў рэгіёнах трымаюць пост. Вернікі патрабуюць, каб гарадзкія ўлады прызналі будынак на вуліцы Кавалёва культавым і дазволілі ім ладзіць набажэнствы.

Сёньня вернікі выклікалі хуткую дапамогу Натальлі Івановай. Яна галадала ад першага дня. Дома ў Натальлі заставаліся дачка зь зяцем, якія штодня прыходзілі падтрымаць яе.

(Іванова: ) “Яны кажуць: “Мама, ты герой!” З сэрцам стала кепска, ціск упаў, зрабілася млосна, стаў слабы пульс… Паплечнікі мае вырашылі выклікаць мне хуткую”.

Лекар з хуткай памерыў Натальлі ціск, у машыне ёй зрабілі кардыяграму. Мэдыкі сказалі, што чулі пра галадоўку, і са спачуваньнем ставіліся да пацыенткі. Лекар адначыў, што арганізм Натальлі адрэагаваў на голад.

(Лекар: ) “Галадоўка, канечне, стрэс для арганізму. Пажадана, каб галадоўку праводзілі пад наглядам лекараў. Наступствы могуць быць нават пасьля некалькіх дзён галадоўкі, ня тое што на дзевятнаццаты дзень… 160 на 80 цяпер у вас ціск. Можа, гэта рэакцыя на стрэс, бо парушаецца рэжым харчаваньня, узровень глюкозы падае ў крыві”.

Пастар суполкі “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў, што ў выпадку, калі наглядная інстанцыя Вышэйшага гаспадарчага суду й вынесе рашэньне на карысьць вернікаў, то гэта ня вырашыць праблемы ўсіх пратэстантаў.

(Ганчарэнка: ) “Калі мы пачалі галадаць, то патрабаваньні выстаўлялі толькі за сябе. Але потым, калі да галадоўкі далучыліся пастары іншых суполак, то пасьля абмеркаваньня праблемы прыйшлі да высновы, што трэба мяняць закон. Гэты рэлігійны закон дыскрымінуе пратэстантаў і не падыходзіць нам. Праблемы шмат у каго. Абарона патрэбная ня толькі нам, але й шмат якім цэрквам пратэстантаў, бо яны спазналі цяжкасьці менавіта з-за закону, які цяпер існуе”.

Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў “Свабодзе”, што сёньня яму тэлефанавала юрысконсульт тэлеканалу СТВ. Вернікаў-пратэстантаў абразілі рэпартажы пра іх, і яны запатрабавалі ад тэлеканалу абвергнуць ілжывыя зьвесткі. Гаворыць Сяргей Луканін:

(Луканін: ) “Я намагаўся высьветліць, як тэлеканал СТВ будзе рэагаваць на нашую заяву. З размовы вынікае, што тэлеканал не хвалюе наша заява. Юрысконсульт дала зразумець, што мы станоўчых вынікаў не дачакаемся. Ствараецца ўражаньне, што ў нашай краіне дзяржтэлеканалы не баяцца судовых пазоваў”.

Палітыкі, якія належаць да іншых рэлігійных канфэсіяў, наведваюць пратэстантаў, каб падтрымаць іх. Учора ў будынак на вуліцы Кавалёва прыяжджаў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч. На вечаровыя набажэнствы прыходзяць грамадзкія дзеячы й прадстаўнікі дэмакратычнай інтэлігенцыі.


Галадоўніцы (першая зьлева – Натальля Іванова)


Ахоўнікі будынку




Лекар абсьледуе Н.Іванову

XS
SM
MD
LG