Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія цукеркі ў Расеі лічацца кантрафактнай прадукцыяй (абноўлены)


Радыё Свабода За апошнія месяцы продаж у Расеі беларускіх кандытарскіх вырабаў скараціўся на 30-40 працэнтаў. Пяць буйных беларускіх кандытарскіх фабрык, у тым ліку гомельскі “Спартак” і менская “Камунарка”, цяпер ня могуць прадаваць у Расею такія шакалядныя цукеркі, як “Чырвоная шапачка”, “Алёнка”, “Данка”, “Птушынае малако”, многія найменьні карамелі ды іншых кандытарскіх вырабаў, назвы якіх запатэнтавалі расейскія вытворцы.

Распавядае начальніца аддзелу продажаў гомельскай кандытарскай фабрыкі “Спартак” Жана Лашкевіч:

(Лашкевіч: ) “Прад’явілі прэтэнзіі “Аб’яднаныя кандытары” — гэта буйная холдынгавая кампанія, якая працуе па ўсёй Расеі. Выставілі патрабаваньні за кантрафактную прадукцыю. Мы вымушаныя зьняць яе з паставак на расейскі рынак. Зьніжэньне аб’ёмаў склала да 30 адсоткаў. Гэта і карамель, і шакалядныя цукеркі, і вафлі, і печыва. Абсалютна па ўсім нашым асартымэнце прайшліся.

Зьвязана гэта з таварнымі знакамі. Яны аддалі інфармацыю на мытню, і мытня не пускае машыны, калі там ёсьць кантрафактная прадукцыя. Яна яе канфіскоўвае. Натуральна, мы проста зьнялі яе з продажу”, — кажа начальніца аддзелу гомельскай фабрыкі “Спартак” Жана Лашкевіч.

Расейскія кандытары аказаліся больш прадбачлівыя й запатэнтавалі некалі агульныя найменьні й рэцэптуру кандытарскіх вырабаў.

Распавядае Юлія Гардзецкая, дырэктарка продажаў акцыянэрнага таварыства “Белкандытар”, якое знаходзіцца ў Маскве і прадстаўляе інтарэсы пяцёх найбуйнейшых беларускіх кандытарскіх фабрык:

(Гардзецкая: ) “У нашым прайсе было да дзьвюх тысяч найменьняў кандытарскіх вырабаў. Цяпер з усяго таго, што ішло на экспарт у Расею, выпала да 30—40%, на асобныя вырабы — да 50%. Нам проста забаранілі прадаваць у Расеі”.

Такія лічбы называе Юлія Гардзецкая, дырэктарка продажаў ААТ “Белкандытар”, разьмешчанага ў Маскве. Абмежаваньне зьвязанае з прэтэнзіямі расейскіх кандытараў да назваў цукерак — “Алёнка”, “Барбарыс”, “Дзюшэс” ды іншых, якія цяпер у Расеі лічацца кантрафактнай прадукцыяй.

Нагадаем: тыдзень таму стала вядома, што Міністэрства эканамічнага разьвіцьця й гандлю Расеі рэкамэндавала абмежаваць закупы беларускіх тавараў на бюджэтныя грошы, спасылаючыся на дыскрымінацыйныя меры беларускіх уладаў адносна расейскай прадукцыі.
XS
SM
MD
LG