Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: пяцёра галадоўнікаў застануцца на “Белшыне” нанач


Вячаслаў Кулік, Менск У Бабруйску працягваюць галадоўку шасьцёра актывістаў першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу прадпрыемства “Белшына”. Сёньня пяцёра зь іх застаюцца на заводзе нанач — акрамя Алены Захожай.

Электрык “Белшыны” Алена Захожая трымае галадоўку 22-я суткі. У інтэрвію Радыё Свабода яна кажа, што дома й на працы мусіць ужываць лекі, якія зьмяншаюць боль. Жанчына выказвае ўдзячнасьць за сустрэчы й лісты людзей, што яе падтрымліваюць. Адзначае, што сёньня гутарыла з супрацоўніцай у пытаньнях правоў чалавека менскага офісу АБСЭ Фіёнай Фрэйзэр:

(Захожая: ) “Вельмі, вельмі прыемна было. Сама Фіёна прыемная жанчына. Адчуваецца, што гэта ня толькі наш боль, але яго таксама падзяляюць. Гэта падбадзёрвае — і ня трошкі, а вельмі”.

Са словаў Алены Захожай, на “Белшыне” Фіёна Фрэйзэр сустрэлася з намесьнікам генэральнага дырэктара Рыгорам Казловым. Пазьней ён паведаміў, што гутарка мела “выключна інфармацыйны характар”.

Удзельнік акцыі пратэсту Міхал Усьціновіч лічыць, што спрэчныя пытаньні “чыноўнік такога рангу не вырашае”. Суразмоўца даводзіць, што акцыя пратэсту набывае больш жорсткі характар:

(Усьціновіч: ) “Пытаньне не вырашаецца, законныя патрабаваньні не выконваюцца. Таму сёньня хто працуе, той застаецца на сваім працоўным месцы, а ў каго выходны ці другая зьмена — прыходзіць на завод. Гэта складана, канечне. Але ж калі адзін галадоўнік на працоўным месцы, то яму цяжка. А калі, напрыклад, у мяне выходны, а я буду ля сябра, то трохі лягчэй”.

Міхал Усьціновіч адзначыў, што ўдзельнікі галадоўкі забаранілі Алене Захожай заставацца на прадпрыемстве нанач. Суразмоўца таксама ўдакладніў, што заўтра гендырэктар “Белшыны” Зьміцер Кацярыніч вяртаецца з працяглай камандзіроўкі і, як ён абяцаў раней, дыялёг з галадоўнікамі працягнецца.

Тым часам старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук тлумачыць сваё рашэньне зьвярнуцца з адкрытым лістом пра сытуацыю на “Белшыне” да Аляксандра Лукашэнкі:

(Ярашук: ) “Яны ні ў якім разе не прыпыняць гэтай акцыі. І калі Алена Захожая перастала нават піць ваду, я быў вельмі занепакоены. Мы раіліся з калегамі й прынялі рашэньне, каб яшчэ такім чынам паспрабаваць прыцягнуць увагу самага высокага кіраўніцтва краіны да ненармальнасьці справаў у горадзе Бабруйску, канкрэтна на “Белшыне”, дзе груба парушаюцца правы нашай арганізацыі”.

Удзельнікі галадоўкі на “Белшыне” патрабуюць выплаціць сябрам першаснай арганізацыі БНП даплаты на аздараўленьне й прэміі да Дня хіміка, якія атрымалі астатнія працаўнікі прадпрыемства. Галадоўнікі таксама дамагаюцца афіцыйнай рэгістрацыі першаснай арганізацыі БНП на “Белшыне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG