Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жодзіна: у актывіста А.Камароўскага міліцыя зноў знайшла фальшывыя даляры


Міхал Стэльмак, Менск 23 кастрычніка ў Жодзіне міліцыя правяла ператрус у офісе грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў-удзельнікаў вайны ў Аўганістане, а таксама ў кватэры ягонага старшыні Аляксандра Камароўскага. Былі сканфіскаваныя каля трохсот асобнікаў газэты “Народная Воля”, кампутары й 300 фальшывых даляраў. Ператрус, які скончыўся апоўначы, адбываўся ў рамках крымінальнай справы, заведзенай на спадара Камароўскага пасьля таго, як у ноч з 21 на 22 кастрычніка на беларуска-польскай мяжы ў яго знайшлі 300 фальшывых даляраў.

Як паведаміў Аляксандар Камароўскі, ператрус рабіла жодзінская міліцыя:

(Камароўскі: ) “Чатыры гадзіны займаліся штабам. Тут усё перавярнулі, кожную паперку. Сканфіскавалі газэты “Народная Воля”, каля трохсот асобнікаў з двума маімі артыкуламі. Газэта законная, купленая, але, нягледзячы ні на што, гэтыя газэты сканфіскавалі. Яшчэ сканфіскавалі тры кампутары. То бок, цалкам абясточылі ўсю працу”.

Паводле спадара Камароўскага, міліцыянты сканфіскавалі ў офісе таксама ўсю літаратуру апазыцыйнага зьместу. Пасьля гэтага ператрус прадоўжыўся на праспэкце Ракасоўскага — у кватэры лідэра інвалідаў-аўганцаў:

(Камароўскі: ) “Пачалі аглядаць кухню. У кухні ўсё нармальна, за выключэньнем таго, што жонка, ёй 63-ці год, хваравітая, на пахаваньне сабе рыхтавала нейкую капейку. Было 1940 даляраў. Ну, знайшлі, расклалі на стол, палічылі. Гляджу: атрымліваецца 2040, здаецца, на сотку болей. Потым залю пачалі правяраць”.

Далей расказвае жонка спадара Камароўскага спадарыня Алена:

(Камароўская: ) “Малады хлопец залез у шафу й закрычаў, што, маўляў, знайшоў грошы. У белай прасьціне. У мяне там толькі старая каляровая бялізна ляжала. Я кажу: па лёгіцы рэчаў, я вывучала псыхалёгію, лёгіку, ніводная жанчына не пакладзе ўнізе, на самай падлозе грошы”.

Працягвае спадар Камароўскі:

(Камароўскі: ) “Пачалі глядзець гэтыя паперкі. Тры паперкі, “соткі”. Складзеныя ў чатыры разы, сагнутыя, сплюшчаныя. Ужо адразу відаць, што даляры фальшывыя. То бок, падкінулі. Гэта правакацыя — подлая, мярзотная. Працяг берасьцейскай тэмы. Калі мы будзем займацца палітыкай, натуральна, гэта й будзе працягвацца”.

У жодзінскай міліцыі камэнтаваць учорашні ператрус у Аляксандра Камароўскага адмовіліся:

(Міліцыянт: ) “Жодзіна, міліцыя. Дзяжурны Храмянкоў. Такой інфармацыі мы не даем”.

У артыкулах Аляксандра Камароўскага, што надрукавала нядаўна газэта “Народная Воля” й некаторыя інтэрнэт-выданьні, гучала крытыка на адрас уладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Аўтар таксама паведаміў, што зьбіраецца на базе “аўганскага” руху ствараць апазыцыйную палітычную партыю. У Жодзіне Аляксандар Камароўскі пачаў адкрыта супрацоўнічаць зь мясцовымі апазыцыянэрамі. Напрыклад, у жніўні з удзелам “аўганцаў” праходзіў летнік для дэмакратычнай моладзі, які разагналі міліцыянты.
XS
SM
MD
LG