Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша ніва” 100 гадоў таму: “Мужыкі жывяцца з грыбоў, ягод ды крадзенаго казённаго лесу…”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Сто гадоў таму “Наша Ніва” пісала аб зямельнай справе ў Беларусі.

У нумары “Нашай Нівы” ад 8 сьнежня 1906 году нехта Войцех піша пра зямельную справу ў Беларусі: “У сягонняшнім часі да Беларусі толькі што даткнуўся капіталістычны парадок. Вялікіх фабрык у нас немаш, а вінаваты ў гэтым як прыроднае, так палітычнае палажэнне Беларусі. Што ляжыць у нашай зямлі — гэтаго ніхто ня ведае; у Беларусі не капаюць ні каменнаго вугальля, ні жалеза — і з гэтае стараны не было гдзе прычапіцца фабрычнаму капіталу. Найбольшая часць народу — гэта мужыкі: такіе, што ў іх зямлі досі, і такіе, што мала зямлі, ды такіе, што сусім без зямлі. У нас ніхто ніколі не лічыў, сколькі прыходзіцца на сто мужыкоў гаспадароў, а сколькі батракоў (такіх, што зямлі мало, ці сусім ня маюць) — і сказаць гэта без абмылку трудна. У адным мейсцы больш тых, у другім — другіх. У некаторых мейсцох Віл. губ. на 100 хат бываець да 25 хат без зямлі, у Бельскім павеці, скуль многа людзей ідзе ў Беласток, — 2 хаты. Найбольш, бо блізка 70 процэнтаў (70 на сто), гэта хаты, ў каторых ёсць зямля, толькі мала яе. У іх бываець зямлі — пол надзела, а то восьмая часць надзела. Ужо с паловы надзела (Бельскі павет) стае свайго хлеба толькі да лютага месяца (февраля), а то бываець, што свайго хлеба як бы і не было, і мужыкі жывяцца з грыбоў, ягод ды крадзенаго казённаго лесу (граніца Лідскаго і Гродзенскаго павету). Агульне гаворачы, блізка ні водная вёска не здалее добра гаспадарыць, не ўзяўшы у арэнду кавалка суседней панскай ці казённай зямлі”.
XS
SM
MD
LG