Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навошта псаваць сабе жыцьцё?” (1996)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Агляд публікацыяў у беларускай прэсе ад 24 кастрычніка розных гадоў.

На гэтым тыдні 1946 году “ЛіМ” друкуе ліст у рэдакцыю з Магілёву: “У ліпені гэтага года мастацкім кіраўніком канцэртна-эстраднага бюро быў прызначаны таварыш Сцефаноўскі. Але за два месяцы сваёй работы ён не патурбаваўся нават пераглядзець рэпертуар бюро. Больш таго, Сцефаноўскі ўзначаліў адну з канцэртна-эстрадных брыгад і, па словах тав.Храмава, даў у жніўні і верасні 20 канцэртаў, разлічыўшыся перад дзяржавай толькі за 9. Прыбытак ад 11 канцэртаў брыгады ён падзяліў паміж артыстамі. У выніку такой “дзейнасці”… канцэртна-эстраднае бюро запазычала дзяржаве звыш 10 тысяч рублёў”.

* У 1946 годзе “Знамя юности” знаёміць з камсамольскім сігналам: “Сакратару Гарадоцкага райкаму ЛКСМБ т.Крэстоўскаму. У раённым цэнтры Гарадок вельмі мала зеляніны. Летась увосень была зроблена спроба разьбіць сквэр паміж райкамам камсамолу і беларускай сярэдняй школай. Пасадзілі некалькі дзесяткаў дрэваў, абнесьлі даволі прыгожым (мусіць, і ня танным) плотам і ўсё. Многія пасаджаныя дрэвы павысыхалі, плот месцамі разваліўся. З вокнаў райкаму вы бачыце гэтую змрочную карціну… Месячнік зялёных насаджэньняў заканчваецца. З вас, тав.Крэстоўскі, відаць, спытаюць, што было зроблена камсамольцамі ў гэтым накірунку. Што вы адкажаце?”

* На гэтым тыдні 1996 году штотыднёвік “Имя” дае слова ўрачу 7 клінічнай бальніцы Менску Натальлі Шабановай, якая была сярод 11 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, хто галасаваў “супраць” ягоных рашэньняў: “Узьнікала думка: “А ці не раблю я глупства?” Таму што наўкол сядзелі людзі, якія рэагавалі вельмі востра, гэтак жа, што і я. Але калі справа дайшла да галасаваньня, мае суразмоўцы сказалі: “А навошта псаваць сабе жыцьцё? На рэфэрэндуме прагаласуем па-свойму. А тут трэба галасаваць, як усе. Так што, магчыма, я і зрабіла глупства”.
XS
SM
MD
LG