Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне зьявіўся помнік расстраляным габрэям (фота)


Радыё Свабода, Магілёў Паблізу вёскі Вараніно, за 5 кілямэтраў ад Быхава і ў самім Быхаве на месцах масавага зьнішчэньня габрэяў адкрылі два помнікі. Восеньню 1941 году тут на загад камэнданта Быхава обэр-лейтэнанта Мартуса расстралялі 4922 чалавекі. Да 1941 году ў Быхаве пражывала больш за 10 тысяч габрэяў. Па сканчэньні другой усясьветнай вайны ў Быхаў вярнуліся толькі 300, цяпер засталося толькі трыццаць. Увекавечаньне памяці ахвяраў галакосту ў Быхаўскім раёне адбылося дзякуючы намаганьням мясцовага краязнаўцы Сямёна Звоскіна.

На мітынгах з нагоды адкрыцьця помнікаў зьехаліся прадстаўнікі габрэйскай грамады з Магілёва, Быхава ды Менску, а таксама мясцовая ўлада. Распачынаў мітынгі старшыня габрэйскіх грамадзкіх арганізацыяў Леанід Левін.



З прамовай выступіў прадстаўнік фонду імя Сямёна Марка Лазарэўса зь Вялікай Брытаніі Майкл Лазарэўс, які аказаў значную матэрыяльную дапамогу ў вырабе помнікаў. На адкрыцьці былі і жыхары навакольных паселішчаў, перадусім сталага веку. Некаторыя зь іх у сваіх надзвычай эмацыйных прамовах пераказалі далёкія трагічныя падзеі, сьведкамі якіх яны былі. Мітынгі завяршыліся памінальнай малітвай пад гукі скрыпкі.
XS
SM
MD
LG