Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася прэм''ера "Уроку беларускай мовы"


Любоў Лунёва, Менск Учора ў Менску адбылася прэм’ера фільма “Урок беларускай мовы” польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага. Аўтара фільму на паказе не было. Толькі 25 кастрычніка беларускія ўлады дадуць яму адказ наконт уязной візы. У сваім відэазвароце Міраслаў Дэмбіньскі выказаў спадзяваньне, што ў хуткім часе ні палякам, едучы ў Беларусь, ні беларусам, якія прыяжджаюць у Польшчу ці ў Эўропу, візы будуць непатрэбныя.

Прэзэнтацыя пачалася з відэавыступу рэжысэра фільму Міраслава Дэмбіньскага: (Дэмбіньскі:) “Фільм “Урок беларускай мовы” апавядае пра драматычныя падзеі, якія адбыліся ў сакавіку гэтага году, і былі зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі. Ён апавядае пра тыя падзеі з ракурсу маладых беларусаў. Гэты ракурс мне падаўся найважнейшым, таму што менавіта маладыя будуць будаваць будучыню Беларусі. Буду, як можна шырэй распаўсюджваць гэты фільм, паказваць у сьвеце. Неўзабаве будзе паказаны ў Варшаве, у Ляйпцыгу ў Нямеччыне, у Амстэрдаме ў Галяндыі, будзе таксама паказ у Маскве. Пакажа гэты фільм тэлевізія ў Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі, Літвы. Маёй найвялікшай марай ёсьць тое, каб гэты фільм як можна шырэй ахапіў увагу грамадзкасьці ў Беларусі”.

Галоўны герой фільму Франак Вячорка,былы выпускнік зьліквідаванага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю, распавядае пра сваё жыцьцё ад нараджэньня да сёньняшняга дня. На тле прамоваў Франака ідуць дакумэнтальныя кадры пра галоўныя гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў краіне ад 1991 году. Іншыя героі фільму вучні ліцэю, сярод якіх Стэфа Кавалеўская, Міхал Рэўцкі, Максім Русьць, а таксама Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімір Колас і Арына Вячорка разважаюць пра супярэчнасьці паміж уладай і дэмакратычнай грамадзкасьцю. Кульмінацыяй фільму з’яўляюцца прэзыдэнцкія выбары: тут і выхад людзей на плошчу; намётавы лягер і інтэрвію з удзельнікамі акцыі; ліквідацыя лягера; турмы з палітвязьнямі. Апошнія кадры фільму прысьвечаныя падзеям 25 сакавіка на праспэкце Дзяржынскага. Нягледзячы на рэальныя кадры разгону дэманстрацый, у фільме шмат камічных момантаў.
XS
SM
MD
LG