Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чэмпіянаце па зьяданьні сала ўдзельнічаў адзін беларус


Іна Студзінская, Менск У выходныя ва ўкраінскім горадзе Луцку прайшоў чэмпіянат “З любоўю да сала”. Лёзунг імпрэзы: “Саламаны ўсіх краінаў, яднайцеся!” Чэмпіянат адбыўся пры ўдзеле Акадэміі аграрных навук Украіны, прадстаўнікоў “Кнігі рэкордаў Гінэса”.

Апроч украінцаў у чэмпіянаце па салу ўдзельнічалі прадстаўнікі Польшчы, Расеі і Грузіі. На чэмпіянат прыехаў і адзіны прадстаўнік Беларусі – адвакат з Кобрыну Сяргей Магонаў. І хаця ў праграме чэмпіянату была вельмі сур’ёзная навукова-практычная канфэрэнцыя, прысьвечаная сьвінагадоўлі, Сяргей кажа, што якасьць сала на чэмпіянаце не ацэньвалася.

(Магонаў: ) “Ацэньваліся ўдзельнікі – хто больш зьесьць. Таксама быў парад прыгажосьці сьвіней. Былі прадстаўленыя розныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Ўкраіны. Вельмі такія дагледжаныя сьвінкі былі, кіляграмаў па 350. Праводзіліся конкурс караоке і конкурс анэкдотаў пра сала”.

На конкурсе прыгажосьці перамагла сьвінка па мянушцы Юля, якая важыла амаль тры з паловай цэнтнэры. Юля была вельмі прыгожа апранутая, з намаляванымі памадай вуснамі на лычы. Прэзэнтавалі і самы вялікі бутэрброд з салам. Плошча яго – 19 квадратных мэтраў.

Беларускі ўдзельнік Сяргей Магонаў адстойваў гонар Беларусі. На жаль, пераможцам ня стаў.

(Магонаў: ) “Я ўдзельнічаў у чэмпіянаце па паяданьні сала. Зьеў, праўда, ня надта многа. Выйграў спадар з Луцку”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі “сама многа” зьеў?”

(Магонаў: ) “Пастаўленая была задача зьесьці кіляграм сала за 20 хвілін. Праўда, з хлебам, з цыбуляй, часныком і вадой. І ён “умяў” гэтае сала. А я крыху не дацягнуў, зьеў толькі палову”.

Дарэчы, пераможца конкурсу паяданьня сала Ўладзімер Стрыгалін, які важыць 130 кіляграмаў, узнагароджаны турпуцёўкай у Туніс, мусульманскую краіну, дзе сала ня вельмі шануюць.

Рэкорд, усталяваны Уладзімерам Стрыгаліным, трапіць у Кнігу рэкордаў Гінесу. Як і памеры сама вялікага бутэрброда з салам -- плошча 19 квадратных мэтраў.

Адзіны прадстаўнік Беларусі на чэмпіянаце па салу Сяргей Магонаў спрабаваў пераканаць украінцаў, што ў беларусаў сала – таксама нацыянальны прадукт. Але гэта аказалася справай нялёгкай…

(Магонаў: ) “Упікнулі мяне, што ў нас дранікі, у грузінаў – шашлыкі. Я кажу: “У нас ня толькі дранікі, у нас і сала. Беларусы таксама любяць сала, як і ўкраінцы”. Мы можам аспрэчваць, можам давесьці, што наша сала нават лепшае, і што беларусы таксама любяць сала і яго паважаюць ня менш за ўкраінцаў. І ўмеюць яго гадаваць і рабіць…”

(Карэспандэнтка: ) “А ў Беларусі магчыма такі чэмпіянат арганізаваць?”

(Магонаў: ) “Не-а! У нас занадта сур’ёзная краіна…”
XS
SM
MD
LG