Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАП зробіць высновы адносна Беларусі не раней за сакавік


Валер Каліноўскі, Менск Беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым, у склад якой уваходзілі намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч і міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, вярнулася з Жэнэвы, дзе мела нефармальныя кансультацыі з кіраўніцтвам Міжнароднай арганізацыі працы. Размова йшла аб захадах беларускага ўраду дзеля выкананьня рэкамэндацыяў МАП 2004 года ў справе паляпшэньня сытуацыі з правамі прафсаюзаў. Невыкананьне гэтых рэкамэндацыяў выклікала пагрозу пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу. Ва ўрадзе і МЗС Беларусі пакуль не падаюць інфармацыі аб выніках перамоваў, таму па камэнтар мы зьвярнуліся да выканаўчага дырэктара Міжнароднай арганізацыі працы Кары Тапіёла.

Выканаўчы дырэктар МАП Кары Тапіёла асабіста вёў перамовы з беларускімі ўрадоўцамі. Ён адзначыў, што гэтыя сустрэчы ў Жэнэве адбываліся на ініцыятыву беларускага боку і насілі нефармальны характар. Перш за ўсё абмяркоўвалася выкананьне Беларусьсю рэкамэндацыяў Дасьледчай місіі МАП 2004 году. Сярод іншага беларускі бок расказваў пра апошнія дапаўненьні ў прэзыдэнцкі дэкрэт аб рэгістрацыі прафсаюзаў і іншых няўрадавых арганізацыяў, а таксама пра канцэпцыю новага закону аб прафсаюзах.

(Тапіёла: ) “Пазыцыя Міжнароднай арганізацыі працы, якая базуецца на высновах Дасьледчай місіі, палягае ў тым, што ёсьць вялікія праблемы з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Але я думаю, што сытуацыю магчыма палепшыць. Цяпер мы абмяркоўваем з урадам, што ўзяць пад увагу і якія шляхі існуюць для гэтага. Беларускі ўрад выказаў нам свае погляды. Але мы б хацелі бачыць больш канкрэтна, што ўрад мае намер рабіць, што ён гатовы рабіць”.

Пры гэтым спадар Тапіёла падкрэсьліў, што высновы будзе рабіць Камітэт у справе свабоды асацыяцыяў МАП.

( Тапіёла: ) “Пакуль мы маем інфармацыю толькі пра намеры, але не пра канкрэтныя рэчы. І патрэбен пэўны час для таго, каб Камітэт у справе свабоды асацыяцыяў атрымаў усе матэрыялы ад урада. Я мяркую, што, магчыма, ў сакавіку мы маглі б зрабіць папярэдні аналіз гэтай сытуацыі. Тое, што будзе адбывацца да сакавіка, у вялікай ступені залежыць ад гатоўнасьці беларускага ўраду ўжыць рэальныя сродкі, якія палепшылі б сытуацыю незалежных прафсаюзаў”.

Спадар Тапіёла зазначыў, што высновы МАП будуць рабіцца не толькі на тым, што гаворыць беларускі ўрад, сытуацыя будзе вывучацца з усіх бакоў.

Нагадаем, што ў 2004 годзе Міжнародная арганізацыя працы прыйшла да высновы аб парушэньні правоў прафсаюзаў Беларусі і накіравала ўраду Беларусі рэкамэндацыі, як спрасьціць іх рэгістрацыю і дзейнасьць. Казалася й пра неабходнасьць спыніць ціск на іх актывістаў, даць ім магчымасьць весьці дыялёг з урадам наконт працоўных і сацыяльных пытаньняў.
XS
SM
MD
LG