Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Мядзелец (1928, в. Ружанпольле (цяпер Мёрскі раён) — 20.12.2004, Полацак.)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Сярод безьлічы стандартных помнікаў зь ня менш стандартнымі расейскамоўнымі надпісамі ёсьць на полацкіх Лясных могілках дагледжанае надмагільле з словамі, што прымушаюць спыніцца: “Хай сьняцца сны аб Беларусі...”. Тут знайшоў свой вечны спачын Васіль Мядзелец — адзін з кіраўнікоў “Саюзу Беларускіх Патрыётаў” (СБП), падпольнай моладзевай арганізацыі, што дзейнічала на Пастаўшчыне і Глыбоччыне ў 1945—1947 гадах.

“Як ні дзіўна, але якраз школа зь яе ваяўнічай, надакучлівай пальшчызнай дала мне першыя ўрокі нацыянальнага пачуцьця. Настаўнікі патрабавалі, каб мы “мувілі” толькі на “гжэчнай” польскай мове, пазьбягаючы ўжываць тутэйшыя “брыдкія” словы. Тым самым абуджалі ў нас пратэст на такі гвалт”,— пісаў ён у сваіх успамінах. Родны беларускі дух запанаваў у школе, адчыненай мясцовымі патрыётамі ў гады нямецкай акупацыі. “Вучылі нас любіць Беларусь і служыць ёй. Настаўнікі і вучні гаварылі толькі па-беларуску”,— згадваў спадар Васіль.

Аднак нават ува ўмовах вайны Масква, памятаючы запавет Мураўёва-вешальніка пра тое, што расейская школа зробіць у Беларусі значна больш за расейскую армію, бязьлітасна змагалася зь беларускім школьніцтвам. Гэта рабілася рукамі савецкіх партызанаў, якія палілі нашыя школы і забівалі настаўнікаў. Сюжэт апавяданьня Вячаслава Адамчыка “Прылёт кажана”, дзе гэтак званыя “народныя мсьціўцы” забіваюць маладую настаўніцу, на жаль, зусім ня быў нечым выключным. Сумны лёс напаткаў і Янзенскую школу, дзе вучыўся Васіль.

Па вайне, у Глыбоцкай пэдвучэльні, Мядзельца зь сябрамі Антонам Фурсам, Львом Бялевічам, Алесем Юршэвічам пад пагрозаю выключэньня загналі ў камсамол. Усе прадметы ў вучэльні выкладаліся па-расейску. Беларуская мова зноў, як і за палякамі, трапіла ў становішча непажаданай і падазронай падчаркі. Моладзь адказала стварэньнем СБП, мэтаю якога была незалежная Беларусь.

Іх, маладых, рамантычных, наіўных, выдаў правакатар. 19-гадовы Васіль як заснавальнік антысавецкай арганізацыі быў асуджаны да расстрэлу, які ў сувязі з часовай адменаю ў СССР сьмяротнага пакараньня, замянілі на 25 гадоў зьняволеньня.

На радзіму ён здолеў вярнуцца толькі ў 1985-м. У 1990-я напісаў мэмуары для кнігі “Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў” (Мн., 1997).

Днямі на ягонай магіле зноў зьявіўся жывы сьцяжок зь бел-чырвона-белых гвазьдзікоў.
XS
SM
MD
LG