Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спаўняецца 50 гадоў антыкамуністычнаму паўстаньню ў Будапэшце


Сяргей Навумчык, Прага Пяцьдзесят гадоў таму, у панядзелак 23-ага кастрычніка 1956 году, тысячы студэнтаў выйшлі на цэнтральныя вуліцы Будапэшту ў падтрымку антысавецкіх палітычных і эканамічных рэформаў. На працягу некалькіх гадзінаў натоўп дасягнуў 200 тысячаў чалавек, і самае вялікае антыкамуністычнае паўстаньне набірала моц. Праз тры тыдні некалькі тысячаў маладых вугорцаў былі забітыя пасьля таго, як савецкія войскі жорстка падавілі паўстаньне.

Студэнты патрабавалі вываду савецкіх войскаў, свабодных выбараў, эканамічных рэформаў, пакараньня мясцовых камуністычных чыноўнікаў. Калі натоўп дасягнуў двухсот тысячаў, спэцслужбы распачалі страляніну. Некалькі чалавек былі забітыя.

З самага пачатку замежнае радыё, у тым ліку і радыё Свабодная Эўропа, адыгрывала ключавую ролю ў інфармаваньні вугорцаў пра спадзяваньні Захаду на тое, што вулічныя пратэсты могуць пакласьці канец савецкаму панаваньню.

Аднак Злучаныя Штаты не пайшлі на вайсковае ўмяшальніцтва, хаця тагачасны прэзыдэнт ЗША Эйзэнхаўэр заахвочваў жыхароў Усходняй Эўропы вызваляцца ад савецкага панаваньня.

Вугорскі лідэр Імрэ Надзь пачаў перамовы пра вывад савецкіх войскаў, а таксама заявіў, што мае на мэце дамагчыся вяртаньня нацыянальнага сьцягу. 30 кастрычніка савецкае войска пачало выходзіць з Вугоршчыны. Але гэта было тактычным, падманным манэўрам Масквы. Акрамя таго, 29-ага кастрычніка Вялікабрытанія, Францыя і Ізраіль напалі на Эгіпет пасьля нацыяналізацыі Суэцкага каналу. Усясьветная ўвага была скіраваная не на Будапэшт. Магчыма, гэта і адыграла фатальную ролю.

Паваротны момант адбыўся 1-ага лістапада. Імрэ Надзь заявіў, што Вугоршчына выходзіць з Варшаўскай дамовы. Праз тры дні тысяча савецкіх танкаў увайшлі ў Вугоршчыну. Імрэ Надзь зьвярнуўся да нацыі:

"У ранішнія гадзіны савецкія войскі пачалі наступ на сталіцу Вугоршчыны зь відавочнай мэтай зьвергнуць законны дэмакратычны ўрад. Нашыя войскі змагаюцца з савецкімі. Урад краіны знаходзіцца на месцы".

Праз тыдзень больш як 2 з паловай тысячы вугорцаў былі забітыя, загінула каля 700 савецкіх вайскоўцаў.

Чарлз Гэці, які ў дні паўстаньня быў пачынаючым журналістам, прыгадвае:

"Гэта даказала, што камунізм – нежыцьцяздольны. З другога боку, гэта паказала і тое, што камунізм ня можа быць зрынуты, пакуль Савецкі Саюз абараняе яго, і трэба шукаць нейкія іншыя шляхі. Гэта быў урок для Злучаных Штатаў – замест лёзунгаў трэба працаваць дзеля паступовых зьменаў".

Нягледзячы на тое, што вугорскае паўстаньне скончылася паразай, яно зрабілася, у пэўным сэнсе, каталізатарам дэмакратычных працэсаў ва Ўсходняй Эўропе. Гэта таксама было сур''ёзным сыгналам для заходнеэўрапейскіх левых, значная частка якіх адрынула камуністычныя ідэі пасьля таго, як пабачылі, што зрабілі савецкія войскі ў Вугоршчыне.

Дадам, што непасрэдна вайсковай апэрацыяй кіраваў тагачасны міністар абароны СССР маршал Георгій Жукаў. Амбасадарам Савецкага Саюзу ў Вугоршчыне ў той час быў Юры Андропаў.
XS
SM
MD
LG