Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Садоўскую асудзілі на 2 гады зьняволеньня за абразу Лукашэнкі (абноўлены, фота)


Любоў Лунёва, Менск Судзьдзя Ленінскага райсуду Менску Тацяна Жулкоўская пакарала праваабаронцу Кацярыну Садоўскую зьняволеньнем на два гады за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для крымінальнай справы стаў ліст, які знайшлі падчас ператрусу ў кватэры Садоўскай. У ім, як пастанавіла экспэртыза, праваабаронца зьневажае кіраўніка дзяржавы.

60-гадовая пэнсіянэрка будзе адбываць пакараньне ў калёніі агульнага рэжыму.

У судзе Ленінскага раёну сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, якім у свой час дапамагала Кацярына Садоўская. Прыйшлі й прадстаўнікі амэрыканскай амбасады, грамадзкасьць.

Абвінаваўца Натальля Талаш прасіла пакараць Кацярыну Садоўскую пазбаўленьнем волі на тры гады за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Садоўская ў сваім лісьце, які не пасьпела адправіць, абвінаваціла кіраўніка дзяржавы ў крымінальных злачынствах і назвала яго “монстрам”. Лінгвістычная экспэртыза пастанавіла, што ўжытае слова ёсьць параўнаньнем з жывёлай — і абражае асобу.

Натальля Талаш таксама абвінаваціла пэнсіянэрку ў тым, што тая пагражала судзьдзі Кіраўскага суду Надзеі Чмары.

Судзьдзя Тацяна Жулкоўская пакарала праваабаронцу пазбаўленьнем волі на два гады.

Сваякі Кацярыны Садоўскай, муж-інвалід і дзеці, не чакалі такога жорсткага прысуду. Праваабаронца ў красавіку перанесла анкалягічную апэрацыю. У яе дома хворая 84-гадовая маці. Муж Кацярыны Віктар Садоўскі сказаў некалькі словаў:

(Садоўскі: ) “Нявінны чалавек… Засудзілі! Пастараліся ўжо… Маці ляжачая, ня ходзіць. Трэба яе на гаршок саджаць, дык цягнем яе”.

На судзе прысутнічаў Вячаслаў Сіўчык. Ён назваў суд над Кацярынай Садоўскай расправай.

(Сіўчык: ) “На вялікі жаль, справу Садоўскай беларускае грамадзтва крыху праспала. Я сам пра гэта даведаўся досыць нядаўна. Для мяне вельмі важна, што гэтая жанчына спрабавала да канца адстойваць свае правы, правы тых людзей, якія да яе зьвярталіся па дапамогу. Прынятае рашэньне, але ж я ня думаў, што яно будзе такое цынічнае і нахабнае. Канечне, гэта расправа. Апошняй кропляй стала тое, што гэты суд — і той мусіць праплаціць гэтая бедная жанчына. Гэта сапраўды зьдзек. Зьдзек з Садоўскай, зьдзек зь беларускага народу”.

Кацярыну Садоўскую затрымалі 25 ліпеня. Спачатку яе трымалі ў псыхіятрычным шпіталі, а потым перавялі ў сьледчы ізалятар. Суд не ўлічыў часу, калі праваабаронца была пад вартай у шпіталі — і адлік тэрміну адбыцьця пакараньня пайшоў ад моманту пераводу яе ў СІЗА.

Паводле прысуду, Кацярына Садоўская мусіць таксама заплаціць 4 мільёны рублёў маральнай кампэнсацыі судзьдзям Кіраўскага суду Чмары і Ўліцінай і ўсе судовыя выдаткі.


К.Садоўская ў судзе


Падчас суду


Муж К.Садоўскай


Паплечнікі К.Садоўскай
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG