Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі-пратэстанты галадаюць 18-ты дзень


Альгерд Невяроўскі, Менск На сёньняшні дзень у будынку царквы “Новае жыцьцё” галадаюць 38 чалавек. Яшчэ 63 пратэстанты зь Менску ды іншых гарадоў Беларусі трымаюць пост на знак салідарнасьці. Адказу на сваю скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд вернікі не атрымалі. Паводле закону, адказ мусіць быць цягам месяца, але галадоўнікі спадзяюцца атрымаць яго раней.

Вернікі розных пратэстанцкіх цэркваў, што ўдзельнічаюць у галадоўцы дзеля абароны суполкі “Новае жыцьцё”, гавораць, што сілаў хапае і яны гатовыя трымацца да перамогі. Гаворыць верніца царквы “Новае жыцьцё” Вольга Ніканава:

(Ніканава: ) “Сёньня васямнаццаты дзень. Мы тут зь першага дня. Самаадчуваньне, дзякуй Богу, вельмі добрае. З кожным днём усё лепей і лепей. Мы тут атрымліваем падмацаваньне ад Госпада, мы молімся, камунікуем. Мы атрымліваем слова, чытаем Біблію. Першыя тры-чатыры дні было цяжка. А цяпер лепей. Так што рэзэрва ў нас яшчэ ёсьць, будзем стаяць да перамогі”.

Але ня ўсе вернікі пераносяць галадоўку так лёгка. Гаворыць Вадзім Пракопчык:

(Пракопчык: ) “Мы, як і раней, чакаем ды спадзяемся, што вырашэньне будзе ўжо хутка. Але на ўсё воля Боская”.

(Карэспандэнт: ) “Як здароўе ваша й вашых сяброў?”

(Пракопчык: ) “Стан здароўя розны. Ведаеце, бываюць дні, што горш, а бываюць, што лепш. Так дакладна сказаць немагчыма. Галадаюць у асноўным немаладыя жанчыны. Таму бывае па-рознаму. Некаторых выводзяць з галадоўкі лекары — з-за падвышанага альбо зьніжанага ціску. У каго што”.

Супрацоўніца прэсавай службы царквы Алена Паплаўская гаворыць, што многія галадоўнікі адмаўляюцца спыняць удзел у акцыі пратэсту, хаця ня вельмі добра пачуваюцца.

За апошнія суткі ўдзельнікі галадоўкі атрымалі 15 лістоў падтрымкі з ЗША, Вялікабрытаніі, Чэхіі, Латвіі, Расеі, Кіпру ды іншых краінаў.

Сёньня вернікі чакаюць адказу ад тэлеканалу СТВ — яны патрабавалі абвергнуць непраўдзівую інфармацыю пра галадоўку. Калі адказу ня будзе — вернікі, магчыма, накіруюць пазоў у суд.



Галадоўка-пост вернікаў царквы “Новае жыцьцё” пачалася ўвечары 5 кастрычніка. 17 вернікаў выказалі пратэст супраць рашэньня суду, які абавязаў іх перадаць да 9 кастрычніка будынак царквы Менгарвыканкаму. Гарадзкія ўлады выплацілі “Новаму жыцьцю” кампэнсацыю, каля 17 тысячаў даляраў, за вялікі будынак. Да галадоўкі далучыліся вернікі іншых цэркваў з розных рэгіёнаў Беларусі. Пратэстанты патрабуюць спыніць ціск на царкву й прызнаць будынак культавым памяшканьнем.

XS
SM
MD
LG