Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жодзіна: на лідэра інвалідаў-аўганцаў завялі крымінальную справу


Міхал Стэльмак, Менск У Жодзіне апячаталі офіс грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане. У кіраўніка арганізацыі Аляксандра Камароўскага пры перасячэньні беларуска-польскай мяжы знайшлі фальшывыя грошы. Па факце знаходкі завялі крымінальную справу.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 21 на 22 кастрычніка. Лідэр інвалідаў-аўганцаў накіроўваўся ў Варшаву на сустрэчу з прадстаўнікамі партнэрскіх арганізацыяў. Аднак да польскай сталіцы ён не даехаў. Расказвае Аляксандар Камароўскі:

(Камароўскі: ) “На пераходзе берасьцейскім, на берасьцейскай мытні зрабілі мне правакацыю — падкінулі. Там вісела мая шапка – у яе падклалі капэрту з далярамі фальшывымі — 500 даляраў. І ўсё. “Шапка ваша?” Я кажу: “Мая”. Потым мяне зьнялі зь цягніка. Дванаццаць гадзінаў прэсавалі ў міліцыі, мытні. Дазнаньне”.

На берасьцейскай мытні не адмаўляюць здарэньня са спадаром Камароўскім. Гаворыць адзін з кіраўнікоў мытні Ўладзімер Закржэўскі:

(Закржэўскі: ) “Так, такі факт меў месца, але наколькі ён мае дачыненьне да гэтага, я не ўпаўнаважаны заяўляць, паколькі высновы будуць рабіць адпаведныя органы”.

Па факце знаходкі фальшывых грошай завялі крымінальную справу. 22 кастрычніка прадстаўнікі сілавых структураў апячаталі жодзінскі офіс грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Аўганістане, а таксама спрабавалі правесьці ператрус у кватэры кіраўніка арганізацыі. Аднак, паводле спадара Камароўскага, не дазволіла жонка.

Аляксандар Камароўскі — падпалкоўнік у адстаўцы, удзельнік вайны ў Аўганістане. Дваццаць гадоў таму заснаваў грамадзкае аб’яднаньне інвалідаў-аўганцаў.

Аляксандар Камароўскі тлумачыць інцыдэнт так:

(Камароўскі: ) “Вось два артыкулы выйшлі ў мяне ў “Народнай Волі”. Вось з гэтым я і зьвязваю. І плюс у аўганскім руху я прынцыповы незалежны камандзір”.

У артыкулах спадара Камароўскага, што надрукавала газэта “Народная Воля” й некаторыя інтэрнэт-выданьні, выказваецца публічная крытыка на адрас уладаў, крытыкуецца й Аляксандар Лукашэнка. У прыватнасьці, аўтар паведаміў, што зьбіраецца на базе аўганскага руху ствараць апазыцыйную палітычную партыю.

У Жодзіне Аляксандар Камароўскі пачаў адкрыта супрацоўнічаць зь мясцовымі апазыцыянэрамі. Напрыклад, у жніўні з удзелам “аўганцаў” праходзіў летнік для дэмакратычнай моладзі, які разагналі міліцыянты. Сярод паплечнікаў спадара Камароўскага моладзевы актывіст Павал Красоўскі. Вось як ён пракамэнтаваў сытуацыю:

(Красоўскі: ) “Я таксама лічу, што гэта правакацыя з боку спэцслужбаў. Зразумела, што ня мог такі паважаны чалавек везьці фальшывыя даляры. Заўсёды дапамагае моладзі гораду, старым, дапамагае тым, хто шукае працу й ня можа ўладкавацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG