Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі ў нас ня злыя і ня горшыя за іншых — але беспрасьветнае жыцьцё іх сапсавала”


Валянцін Жданко, Менск Вашыя лісты чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Праз тры месяцы беларусы будуць пераабіраць мясцовую ўладу. У краіне ўжо фактычна пачалася выбарчая кампанія, хоць заўважнага грамадзкага розгаласу гэта не набыло. Чаму? Ці не таму, што вялікіх спадзяваньняў на дэпутатаў сельскіх, раённых ды гарадзкіх саветаў многія людзі не ўскладаюць?

Прынамсі, пра гэта сьведчаць некаторыя лісты, якія мы атрымліваем у гэтыя кастрычніцкія дні. Размову пачну якраз з гэтай тэмы, з допісу настаўніцы Вольгі Даўжэнкі з Клецкага раёну:

“Я цікаўлюся палітыкай, слухаю Радыё Свабода. Але быць нейкай апазыцыйнай актывісткай, жывучы ў глухой вёсцы, немагчыма. Па-першае, можна адразу страціць працу. А па-другое, асаблівага сэнсу я ў гэтым ня бачу. Людзі ў нас за апазыцыянэраў у асноўным не галасуюць. Апазыцыя для маіх суседзяў і знаёмых — гэта нешта чужое, страшнае, незразумелае. Нядаўна ад адной сваёй суседкі пачула: “Вось прыйдзе гэты Казулін да ўлады — ня будзем атрымліваць пэнсію”. Такі вось узровень палітычнай культуры і сьвядомасьці.

Людзі ў нас ня злыя і ня горшыя за іншых — але беспрасьветнае жыцьцё іх сапсавала. Чую па “Свабодзе”, што недзе там у Менску рыхтуюцца да выбараў, вылучаюць сваіх кандыдатаў... Ды каму гэта цікава? Што тыя дэпутаты ў нас значаць? Ну, носіць дэпутацкі значок мая добра знаёмая настаўніца. Жыве, як усе. Ходзіць штодня на працу па разьбітай дарозе, лаецца, як і мы, што няма ліхтароў на вуліцы. Дык хіба на яе наракаць, што сельсавет ня мае грошай?

I што яна можа зрабіць? Напісаць заяву аб складаньні дэпутацкіх паўнамоцтваў? А як настаўніцу, людзі яе паважаюць. I на выбарах зноў прагаласуюць за яе, а не за якога-небудзь незнаёмага апазыцыянэра. Тым больш, што ніводнага апазыцыянэра ў нас цяпер няма. Быў адзін, дык на яго усе глядзелі, як на дзівака. I ўрэшце ён ад нас зьехаў кудысьці бліжэй да сталіцы”.

Сапраўды, спадарыня Даўжэнка, пры цяперашняй сыстэме ўлады ні мясцовы дэпутат, ні ўвесь сельскі савет у цэлым вялікай ролі ў зьмене побыту вяскоўцаў ня маюць. “Няма грошай!” — вось адзін унівэрсальны адказ старшыні сельсавету на ўсе (ці на большасьць) прэтэнзіяў вясковых людзей, якія скардзяцца і на дарогі, і на занядбаныя будынкі, і на адсутнасьць ліхтароў.

А чаму гэтых грошай няма, калі на тэрыторыі сельсавету ёсьць калгасы і прадпрыемствы, якія плацяць падаткі? Калі падаткі плаціць усё працаздольнае насельніцтва? Ці не таму, што ўсе грошы забіраюць раён і вобласьць, якія пусьцілі большасьць сабраных падаткаў на падрыхтоўку да Дажынак аднаго ўзорнага гораду, а не на рамонт дарогі ў занядбанай вёсцы?

Думаю, Вольга, у кожнай вёсцы ёсьць людзі, якія задаюць сабе такія пытаньні. Асабліва, калі яны крыху паезьдзілі па сьвеце, бачылі, як выглядаюць вёскі хоць бы ў суседняй Польшчы й параўноўвалі са сваімі беларускімі вёскамі.

Наш слухач Уладзімер Зьвернік зь Менску адгукнуўся на забойства ў Маскве расейскай журналісткі й праваабаронцы Ганны Паліткоўскай.

“За гады прэзыдэнцтва Пуціна ў Расеі былі забітыя дванаццаць журналістаў, якія не падзялялі дзяржаўнай ідэалёгіі. Гэта сьведчыць пра многае. Праўда пра Чачэнію (а цяпер, відаць, і пра Грузію, і пра Ўкраіну) знаходзіцца ў Расеі па-за законам... Але няхай яны ня думаюць, што сьветлая душа Ганны Паліткоўскай стада іхнай ахвярай. Гэта сьмерць сьведчыць якраз пра перамогу той праўды, якую яна несла ў народ.

Уладную замову ажыцьцявілі нікчэмныя пачвары, імёны якіх ніколі ня будуць вядомыя. Шкада, што менавіта такім чынам можна сьцьвердзіць праўду ў сучаснай Расеі. Зрэшты, як і ў Беларусі. Анатоль Майсеня. Зьміцер Завадзкі, Вераніка Чаркасава, Васіль Гроднікаў — гэтыя імёны стаяць у такім жа сумным шэрагу і сьведчаць пра тое ж. Дарэчы, з Васілём Пятровічам Гроднікавым мы сябравалі, жывучы ў вёсцы Мазалі. І гэтым сяброўствам я моцна ганаруся.

А яшчэ я з трывогай сачу за расейска-грузінскім канфліктам. Ён датычыць і лёсу Беларусі. Расея паказала сваю імпэрскую сутнасьць. I калі нашы людзі ня здолеюць перашкодзіць той навале, што насоўваецца з Усходу, нас можа чакаць такая ж доля”.

Горкая тая перамога, спадар Зьвернік, калі за яе трэба плаціць жыцьцямі сумленных і прынцыповых людзей. Ня думаю, што імёны забойцаў Ганны Паліткоўскай назаўсёды застануцца таямніцай, і што іх рана ці позна не напаткае кара. Гучныя злачынствы, да якіх прыцягнутая такая вялікая грамадзкая ўвага, доўга не забываюцца. Шанцы на тое, што праўда стане вядомай, застаюцца — асабліва калі ў Расеі адбудзецца зьмена ўлады. Згадайце, як хутка было раскрытае забойства ўкраінскага журналіста Гангадзэ пасьля перамогі аранжавай рэвалюцыі ў Кіеве.

Наш слухач Дзьмітры Каліноўскі зь Віцебску разважае пра тое, чаму ў Беларусі з году ў год перапісваюцца школьныя і ўнівэрсытэцкія падручнікі гісторыі.

“Становіцца проста сьмешна. У пачатковай школе казалі адно, у адзінаццатай клясе — другое, а ва ўнівэрсытэце — трэцяе. Калі мы былі малыя, нас вучылі шанаваць бел-чырвона-белы сьцяг, а цяпер дзецям падаюць гэтыя сымбалі як фашысцкія. А рэпрэсіі 1930-х гадоў, аказваецца, былі не такімі ўжо і маштабнымі — усяго якіх-небудзь 100—200 тысяч чалавек, а не 30 мільёнаў. Што да Лукашэнкі, то ён выратаваў Беларусь ад дурной апазыцыі.

А ці існуе дэмакратыя ўвогуле? На лекцыях па філязофіі ў нашым унівэрсытэце гэтае пытаньне абмяркоўвалася. Аказваецца, дэмакратыі няма нідзе — ні ў Амэрыцы, ні ў Расеі. Ёсьць толькі аўтарытарызм, алігархія. У ЗША уладу зьямяняюць не дэмакратычным чынам, а проста кланы прыходзяць на зьмену адзін другому. Увогуле ж, Захад чакаюць заняпад і пагібель, а выратаваньне сьвету можа прынесьці толькі Расея, гэткі своеасаблівы куфэрак самабытнасьці. Таму, маўляў, і трэба абедзьвюма рукамі галасаваць за саюз з Расеяй.

Адпаведны рэфэрэндум, як запэўнівае Павал Барадзін, адбудзецца ўжо ў канцы гэтага ці на пачатку наступнага году. Вынік можна прадказаць: напэўна, “за” будуць 120 працэнтаў выбарцаў”.

Ні сёлета, ні на пачатку наступнага году такі рэфэрэндум не адбудзецца — гэта ўжо вядома дакладна. І ўвогуле, пэрспэктывы беларуска-расейскага аб’яднаньня на сёньня вельмі цьмяныя. Калі Расея ажыцьцёвіць свае пагрозы — падвысіць для Беларусі ў некалькі разоў цану на газ і прымусіць дзяліцца прыбыткамі ад экспарту нафтапрадуктаў — то, напэўна, Дзьмітры, неўзабаве вы ўбачыце новыя, чарговы раз перапісаныя падручнікі гісторыі, у якіх цяперашняму расейскаму кіраўніцтву будзе дадзеная зусім іншая ацэнка.

Школьнікам і студэнтам, вядома, нязручна ўвесь час пільна сачыць за выкрунтасамі палітычнай каньюнктуры, ад якіх непасрэдна залежыць зьмест падручнікаў гісторыі. А зь іншага боку, магчыма, некаторых гэта зацікавіць і падахвоціць урэшце да вывучэньня сапраўднай, праўдзівай гісторыі сваёй краіны.

Кароткі ліст ад грамадзкага актывіста з Бабруйску Валянціна Паборцава. Слухач піша:

“Мяне, выдаўца грамадзка-палітычнай газэты “Памяць і сучасьнікі”, сацыял-дэмакрата, пазбавілі права займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Ці не таму, што ўбачылі сьвет мае кнігі “Чаму Лукашэнка любіць Сталіна” і падборка матэрыялаў з хронікі суду над Аляксандрам Казуліным пад назвай “Судзілішча”?”

Зусім магчыма, што і так, спадар Паборцаў. Хоць сьцьвярджаць гэта пэўна, ня ведаючы ўсіх падрабязнасьцяў вашых супярэчлівых дачыненьняў зь мясцовымі ўладамі, не выпадае.

На заканчэньне — фрагмэнт ліста Івана Талалайкі зь Менску:

“Прачытаў у расейскай газэце артыкул, аўтар якога захапляецца выглядам Менску. Усюды чыста, пафарбавана, ніводнага жабрака. Вось, маўляў, у каго нам трэба вучыцца. Бо ў Маскве ж бомжы ды жабракі на кожным кроку. Але нешта ня верыцца мне, што ў нас тут усё ў парадку. Я кожную раніцу бачу, як у маім двары корпаюцца ў сьметніку няшчасныя цёткі й дзядзькі бамжаватага выгляду. Напэўна ж, не ад добрага жыцьця шукаюць яны аб’едкі ды абноскі. Але на вуліцы ў Менску, сапраўды, жабракоў убачыш рэдка. Можа, нашы жабракі усё ж болыд сытыя, чым расейскія”.

Думаю, спадар Талалайка, прычына тут найперш у паводзінах міліцыі. Менскім міліцыянтам загадана ачысьціць ад жабракоў горад, асабліва гарадзкі цэнтар — каб не псавалі выгляду. Ад такога занятку міліцыянты не ў захапленьні, але загад вымушаныя выконваць. Жабракі ў горадзе ўсё роўна засталіся (нават у цэнтры) — хаваюцца ў падземных пераходах. Ня раз даводзілася назіраць, як, убачыўшы міліцэйскі нарад, яны кідаюцца наўцёкі. Сустрэча зь міліцыянтамі для іх можа скончыцца ня толькі жорсткай прафіляктычнай размовай, але і пятнаццацьцю суткамі пазбаўленьня волі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG