Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудзецца паварот да шматвэктарнасьці ў замежнай палітыцы Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Алесь Лагвінец і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошні час у замежнай палітыцы Беларусі назіраюцца новыя цікавыя тэндэнцыі. Працягвае разьвівацца крызіс у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Масква скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь і ставіць заслоны для імпарту беларускіх тавараў. Лукашэнка крытыкуе Расеі за палітыку адносна СНД.

Зь іншага боку, некаторыя падзеі можна ацэньваць як пэўныя крокі дзеля размарожваньня дачыненьняў з Захадам. Адбылася сустрэча ў Маскве сьпікера Палаты прадстаўнікоў Канаплёва з старшынём Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Ван дэр Ліндэнам. Эўразьвяз не пазбавіў Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў. А Беларусь дэманструе гатовасьць пайсьці насустрач Захаду ў пытаньні прафсаюзных правоў. Лукашэнка падпісаў указ аб спрашчэньні рэгістрацыі прафсаюзных арганізацыяў.

Беларуская дэлегацыя на ўзроўні намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Пяткевіч і віцэ-прэм’ера Кабякова вядзе перамовы ў Жэнэве з кіраўніцтвам Міжнароднай арганізацыі працы. Закончыўся крызіс у беларуска-латвійскіх стасунках, вяртаецца ў Менск амбасадарка Латвіі ў Беларусі.

Адначасова можна назіраць дыпляматычную актывізацыю афіцыйнага Менску ў іншых кірунках. Адбыўся важны візыт у Беларусь прэзыдэнта Азэрбайджану Аліева. Вядуцца перамовы з кіраўніцтвам газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны — магчыма, узгадняюцца тарыфы на транзыт расейскіх энэргарэсурсаў.

Можна згадаць імкненьне наладзіць шчыльныя дачыненьні з Вэнэсуэлай, Іранам, аб’яўленьне Кітаю стратэгічным партнэрам. Дык ці можна сьцьвярджаць, што крызіс у дачыненьнях з Расеяй падштурхнуў Менск да рэальнай шматвэктарнасьці замежнай палітыкі?”

(Алесь Лагвінец: ) “Сапраўды, мы бачым актыўнасьць беларускай дыпляматыі на ўсіх азымутах. Але гэта больш маніфэставаньне перад Масквой. Палітыку шматвэктарнасьці трэба было рабіць раней. Таму я не казаў бы пра радыкальную зьмену замежнай палітыкі Беларусі.



Трэба ўлічыць, што для Расеі стасункі зь Беларусьсю — не замежная, а ўнутраная палітыка. Зрэшты, і для Беларусі дачыненьні з Расеяй — таксама ўнутраная палітыка. І апошнія беларускія дыпляматычныя захады — гэта больш прапагандысцкія крокі, разьлічаныя на ўнутранае карыстаньне”.

(Пазьняк: ) “Цяперашняя дыпляматычная актыўнасьць афіцыйнага Менску была запраграмаваная колькі гадоў таму. Для яе рэалізацыі неабходны быў штуршок. Зьмяншэньне энэргетычнай залежнасьці ад Масквы, дывэрсыфікацыя паліўных крыніцаў былі абвешчаныя як дзяржаўны прыярытэт тры гады таму, калі Расея ўчыніла газавы ціск. Такім штуршком цяпер сталі пляны Расеі падвысіць цэны на газ.

Беларусь адказала на ціск Расеі даволі моцна. Актывізаваліся геаэканамічныя кантакты з Азэрбайджанам, Вэнэсуэлай, Украінай і палітычныя кантакты з Эўразьвязам.

Але такая палітыка выглядае рэфлексіўнай, сытуацыйнай. І яе разгортваньне ці, наадварот, згортваньне будзе залежаць ад газавага кантракту з Расеяй”.

(Карбалевіч: ) “Шматвэктарнасьць як прынцып замежнай палітыкі Беларусі была прадэкляраваная даўно, яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Але гэта быў толькі лёзунг. Насамрэч існавала аднавэктарнасьць, у замежнай палітыцы моцна дамінавалі дачыненьні з Расеяй.

Але вернемся да актывізацыі кантактаў Беларусі з Захадам. Ці гатовы сёньня Захад пайсьці на размарожваньне дачыненьняў зь Менскам?”

(Лагвінец: ) “Захад не аднародны. Там ёсьць колы, якія імкнуцца да прагматызму ў стасунках зь Беларусьсю. Але там шмат і цямных палітыкаў, якія добра разумеюць, што цяперашнія жэсты Менску — гэта спроба пусьціць дым, зарабіць палітычны капітал і легітымізаваць існы рэжым. Трэба памятаць няўдалыя спробы спадара Віка і іншых дамовіцца з афіцыйным Менскам.

Відавочна, магчымасьць для дыялёгу мусіць быць адкрытая. Але для гэтага Менск павінен выканаць пакрокавыя забавязаньні. Формула “сёньня крэслы, а заўтра грошы” ня дзейнічае ў дачыненьнях зь беларускімі ўладамі”.

(Пазьняк: ) “Захад абсалютна гатовы да размарожваньня дачыненьняў зь Менскам. Той жа Ван дэр Ліндэн кажа, што трэба дзейнічаць паводле рэчаіснасьці, якой бы яна ні была. Тым больш, што ранейшая тактыка Эўропы выглядае бясплённай. Цяпер ужо стала зразумела, што эканамічных санкцыяў з боку Эўропу ў дачыненьні Беларусі ня будзе. А палітычныя дэклярацыі з асуджэньнем палітыкі беларускіх уладаў зьяўляюцца хіба толькі бальзамам для апазыцыі, і ня больш за тое. А ўлады скарыстоўваюць гэтае асуджэньне для таго, каб паказаць насельніцтву, што вакол ворагі.



І цяпер няма ніякіх гарантыяў, што Менск ня “кіне” Захад. Як далёка можа пайсьці Менск у дыялёгу з Захадам, залежыць ад эканамічных стасункаў з Расеяй, найперш, у газавым пытаньні. Прычым, ініцыятыва ў перамовах з Захадам знаходзіцца на баку Менску”.

(Лагвінец: ) “Згодны з тым, што палітыка Захаду стасоўна Беларусі не спрацавала. Але сёньня Беларусь значна больш залежная ад Эўропы, чым колькі гадоў таму. І калі Эўропа ўсьвядоміць магчымасьці свайго ўплыву на Беларусь і ня будзе баяцца яго выкарыстаць, то ўнутраныя зьмены ў Беларусі магчымыя”.

(Карбалевіч: ) “А ці гатовы Менск да ўнутраных зьменаў дзеля разьвіцьця стасункаў з Захадам?”

(Пазьняк: ) “Калі адбудзецца разрыў хаця б эканамічных дачыненьняў з Расеяй, то беларускія ўлады могуць пайсьці на пэўныя касмэтычныя зьмены ва ўнутранай палітыцы”.

(Карбалевіч: ) “Як паўплываюць гэтыя дыпляматычныя захады Менску на палітыку Расеі? Ці напужае гэта Маскву? Дасюль Крэмль лічыў, што Беларусі няма куды падзецца, шляхі на Захад у яе адрэзаныя, ёй застаецца толькі трымацца Расеі. І вось Менск прадэманстраваў, што ў яго ёсьць варыянты й поле для манэўраў. Ці спрацуе гэты ціск і Масква пойдзе на саступкі ў газавым і нафтавым пытаньнях?”

(Лагвінец: ) “Масква ўважліва сочыць за кантактамі Менску з Захадам. Але, здаецца, гэта не ўспрымаецца ўсур’ёз. Таму што беларускі рэжым вельмі дыскрэдытаваны ў вачах Захаду. Што тычыцца гандлю наконт газавых тарыфаў, то кіраўніцтва Беларусі ўдала скарыстоўвае супярэчнасьці ўнутры Расеі. А гэта козыры ў руках афіцыйнага Менску”.

(Пазьняк: ) “Мы бачым, што Масква паводзіцца досыць асьцярожна ў гэтым канфлікце зь Менскам, апасаючыся разьвіцьця дачыненьняў Беларусі з Захадам.

Лукашэнка канфліктуе з Крамлём гучна і адкрыта, апэлюе да расейскага насельніцтва. Гэты канфлікт Маскве ня дужа патрэбны, бо ў Расеі хутка парлямэнцкія, а потым прэзыдэнцкія выбары. Для Крамля быў бы плён, калі б Беларусь паддалася на ціск. Але Лукашэнка пагражае распадам саюзу, а гэта ўдар па іміджы Крамля і імпэрскіх інтэграцыйных настроях тамтэйшага насельніцтва.

Як вынік, Лукашэнку ня ўдасца захаваць статус-кво. Але ягоная агрэсіўная тактыка дазволіць яму заключыць кампраміс у газавым пытаньні зь мінімальнымі рызыкамі для сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Сустрэча спдара Канаплёва з спадаром Ван дэр Ліндэнам адбылася на ініцыятыву сьпікера Дзярждумы Расеі Грызлова. Ці азначае гэта, што магчымы супольны ціск Захаду й Расеі на Беларусь дзеля вырашэньня беларускага пытаньня?”

(Лагвінец: ) “Найперш, хачу адзначыць, што Ван дэр Ліндэн не прымае важных рашэньняў у Эўропе. Калі й магчымы супольны ціск Захаду і Расеі на Беларусь, то толькі на ўзроўні дэклярацыі ці тактыкі. Але ня варта чакаць нейкіх сумесных палітычных патрабаваньняў да Менску”.

(Пазьняк: ) “Таксама сумнеўна, што такі супольны ціск магчымы. Захад апасаецца ўплыву Расеі на Беларусь. І таксама Масква апасаецца ўплыву Захаду на Беларусь.

Калі казаць пра сустрэчу спадара Канаплёва з спадаром Ван дэр Ліндэнам на ініцыятыву Грызлова, то гэта цалкам адпавядае палітыцы Расеі. Найперш, Масква заўсёды падтрымлівае Менск у стасунках з Захадам. Таксама гэта дэманстрацыя Захаду, што Масква дапамагае дэмакратызаваць Беларусь. Тым больш гэта важна ў такі момант, калі пачалі разьвівацца кантакты Менску з Эўропай”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, апынуўшыся ў складанай сытуацыі, кіраўніцтва Беларусі імкнецца знайсьці выхад у разьвіцьці дачыненьняў зь іншымі краінамі й рэгіёнамі сьвету. Але ці можа такая вымушаная шматвэктарнасьць ператварыцца ў рэальную — без сур’ёзных унутраных зьменаў у Беларусі? Адказ на гэтае пытаньне пакуль не відавочны”.
XS
SM
MD
LG