Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшынём Саюзу беларускіх пісьменьнікаў пераабраны Алесь Пашкевіч (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск 22 кастрычніка ў Менску праходзіў 15 зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Галоўнай задачай гэтага чарговага, справаздачна-выбарчага мерапрыемства было захаваньне пісьменьніцкай арганізацыі пасьля яе высяленьня з Дому літаратара і стварэньня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Бальшынёй галасоў дэлегатаў, на пасаду старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў быў пераабраны Алесь Пашкевіч. Зьезд прыняў заявы ў падтрымку галадоўнікаў-пратэстантаў і Аляксандра Казуліна ды іншых палітзьняволеных.

Старшыня СБП Алесь Пашкевіч так акрэсьліў галоўную задачу зьезду:

(Пашкевіч: ) “ Зьезд павінен кансалідаваць свае высілкі ў справе пабудовы незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. У адстойваньні дэмакратычных нормаў і правоў, свабоды слова і свабоднага функцыянаваньня ў нашай дзяржаве мовы тытульнай нацыі”.



На зьезьдзе гучалі прапановы стварыць у інтэрнэце даступную для ўсіх электронную бібліятэку апублікаваных і неапублікаваных твораў пісьменьнікаў, пачаць выпуск літаратурнай газэты, арганізоўваць літаратурныя сьвяты, набыць памяшканьне для саюзу.



На зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў сабралася 275 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Ён праходзіў у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры. У арэндзе залі Дому літаратараў і некалькіх іншых заляў Менску ўлады арганізатарам адмовілі.

Зьезд адкрыў старэйшы сябра саюзу, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч:



(Гілевіч: ) “ Нас сабрала неабходнасьць пераканацца, што мы разам. Пераканацца, што мы па-ранейшаму адзінаверцы. Што нас яднае памяць і запавет папярэднікаў”.

Напярэдадні зьезду многія сябры Рады саюзу не былі пэўныя, што гэтае мерапрыемства зьбярэ кворум. Гэта значыць больш за палову ад 494 сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Але яны былі прыемна зьдзіўленыя колькасьцю ўдзельнікаў.

Намесьнік старшыні саюзу Барыс Пятровіч:

(Пятровіч: ) “ Тое, што пераважная большасьць пісьменьнікаў, не зважаючы на матэрыяльныя ды іншыя праблемы прыбылі на зьезд і ён праходзіць цалкам легітымна і кворумна – гэта для нас вельмі важна”.

Удзельнікі зьезду казалі, што некаторым сябрам саюзу не раілі браць удзел у гэтым мерапрыемстве. І нават пагражалі рознымі санкцыямі. Але безвынікова.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў не хаваў свайго задавальненьня вялікай колькасьцю дэлегатаў:

(Арлоў: ) “ Гэта, у такіх умовах, магутная дэманстрацыя адзінства саюзу. Ужо гэта ёсьць паказьнікам таго, што саюз жыцьцяздольны і будзе працаваць.

Цёпла віталі госьця, старшыню Саюзу пісьменьнікаў Украіны, дэпутата парлямэнту Володымыра Яворівського. Ён узнагародзіў ганаровымі адзнакамі ўкраінскага саюзу Ніла Гілевіча, Сяргея Законьнікава, Генадзя Бураўкіна, Васіля Зуёнка і Рыгора Барадуліна. Украінскі госьць паведаміў, што беларуская амбасада ў Кіеве адмовілася прымаць украінскія ордэны, якімі прэзыдэнт Віктар Юшчанка нядаўна ўзнагародзіў Алеся Пашкевіча, Ніла Гілевіча і Сяргея Законьнікава. Спадар Яворівськый паабяцаў сам прывезьці гэтыя ордэны ў Менск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG