Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васямнаццатыя суткі доўжыцца галадоўка пратэстантаў


Любоў Лунёва, Менск 38 вернікаў з розных пратэстанцкіх суполак трымаюць галадоўку ў будынку царквы “Новае жыцьцё”. Яшчэ каля сотні чалавек трымаюць пост на знак салідарнасьці з галадоўнікамі ў Менску і ў рэгіёнах. Вернікі патрабуюць адмяніць судовае рашэньне, згодна зь якім іх пазбавілі ўласнага будынку й зямельнага надзелу.

Пасьля пятнаццаці сутак галадоўкі вернікі пашырылі свае патрабаваньні. Яны настойваюць на аднаўленьні сваіх правоў на свабоду веравыказваньня.

На выходных галадоўнікаў наведалі пратэстанты з Масквы і Санкт-Пецярбургу, а таксама з некалькіх гарадоў Беларусі. 20 кастрычніка маскоўскія пратэстанты ладзілі пікет насупраць беларускай амбасады на знак салідарнасьці з беларускімі вернікамі-пратэстантамі.

У будынку царквы “Новае жыцьцё” кругласутачна знаходзяцца некалькі пастараў зь іншых пратэстанцкіх суполак. Цяпер удзельнікі акцыі патрабуюць ня толькі станоўчага вырашэньня пытаньня: вярнуць храм суполцы “Новае жыцьцё”, але й унясеньня зьменаў у заканадаўства, якія б адмянілі абмежаваньні на правядзеньне набажэнстваў і далі б магчымасьць рэлігійным суполкам мець месцы для правядзеньня сходаў. Вернікі спасылаюцца на 31 артыкул Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму “самастойна вызначаць сваё стаўленьне да рэлігіі, самастойна альбо зь іншымі вызнаваць любую рэлігію…”. Пратэстанты сьцьвярджаюць, што праблемы пачаліся пасьля прыняцьця новага закону аб рэлігіі. Шмат эвангельскіх цэркваў пазбавілі магчымасьці набываць зямельныя надзелы і будаваць храмы. За правядзеньне набажэнстваў іх штрафуюць і арыштоўваюць.

Вернік кальвінісцкай царквы Ўладзімір Мацкевіч лічыць, што станоўчае вырашэньне пытаньня суполкі “Новае жыцьцё” не палепшыць становішча пратэстантаў.

(Мацкевіч:) “Па-першае, гэта робіць не тая інстанцыя, якая пачала праблему. Па-другое, гэта пакідае па-за канфліктам галоўных віноўных у гэтай справе і галоўную прычыну, якая да гэтага прывяла: менавіта закон, які робіць няроўнымі канфэсіі і дэнамінацыі. Ён надае занадта вялікую ролю дзяржаве, якая паводле свайго статусу не павінна ўмешвацца ў рэлігійныя справы, а яна ўмешваецца. Яна бярэ на сябе функцыю вызначэньня – якія канфэсіі добрыя, якія ня добрыя, якім месца, якім ня месца ў Беларусі”.

На адрас царквы “Новае жыцьцё” штодня ідуць лісты падтрымкі з розных краінаў Эўропы, Амэрыкі і нават з афрыканскага кантынэнту. Заходнія пратэстанты дасылаюць лісты-звароты ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы, а таксама ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем спыніць перасьлед вернікаў-пратэстантаў.
XS
SM
MD
LG