Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыўся мітынг у падтрымку вернікаў-пратэстантаў (абноўлены, фота)


Любоў Лунёва, Менск У Беларусі працягваецца галадоўка вернікаў-пратэстантаў, якія патрабуюць спыніць перасьлед прадстаўнікоў канфэсіі. У краіне на працягу апошняга году ліквідавана 5 пратэстанцкіх суполак. У Менску да галадоўкі вернікаў царквы “Новае жыцьцё” далучыліся пастары іншых пратэстанцкіх суполак. У суботу 21 кастрычніка ў Менску ў парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалёр адбылася акцыя ў падтрымку вернікаў.

(Карэспандэнтка: ) “Гарадзкія ўлады дазволілі мітынг ад 6 да 8 вечара, арганізатары акцыі прасілі дазволіць колькасьць удзельнікаў да 700 чалавек. Менавіта столькі прысутнічала на пачатак акцыі а 6-й гадзіне. Гарадзкія ўлады патрабавалі, каб вернікі самі забясьпечылі сябе хуткай дапамогай, біятуалетамі, а таксама супрацьпажарнай бясьпекай. Менавіта зараз журналісты ўпэўніліся, што вернікі-пратэстанты прадэманстравалі ўсім вельмі высокую дысцыпліну: усё, што патрабавалі ўлады, знаходзіцца на плошчы Бангалёр. Пастар Вячаслаў Ганчарэнка абвясьціў, што сёньня да галадоўкі далучыліся новыя людзі, сёньня ў будынку царквы галадае 39 чалавек – яны сюды не прыйшлі, яны знаходзяцца на Кавалёва 72 А”.

(Вядоўца: ) “Ці мае гэтая акцыя нейкі палітычны характар?”

(Карэспандэнтка: ) “Насамрэч, палітыкаў тут амаль што не відаць. Справа ў тым, што пастар Вясчаслаў Ганчарэнка непакоіцца, што ўлады паставяцца да вернікаў як да апазыцыі, і таму прасіў палітыкаў устрымацца ад прысутнасьці на мітынгу, бо вернікі непакояцца, што гэта надасьць акцыі палітычную афаробоўку. Пастар нават папрасіў зараз вернікаў, каб яны не ўздымалі ніякіх сьцягоў, устрымаліся ад палітычных лёзунгаў, а толькі прасілі абараніць правы вернікаў-хрысьціянаў, якія належаць да пратэстанцкай канфэсіі.

На сёньняшні дзень, згодна з афіцыйнай статыстыкай мін’юсту, у Беларусі зарэгістравана крыху больш за тысячу праваслаўных цэркваў, але таксама 936 пратэстанцкіх суполак. Так што казаць, што пратэстантаў у Беларусі вельмі мала – гэта, канечне, не адпавядае рэчаіснасьці. На трэцім месцы стаіць каталіцкая царква”.

Мітынг вернікаў-пратэстантаў супраць дыскрымінацыі пратэстанцкай канфэсіі ў Беларусі скончыўся раней дазволенага ўладамі тэрміну. Вернікі пасьля таго, як выступілі ўсе жадаючыя, паехалі ў будынак царквы “Новае жыцьцё”, каб там разам з галадоўнікамі памаліцца за лёс усіх пратэстанцкіх суполак.







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG