Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канфэрэнцыі ў Варшаве закранулі пытаньне беларускіх палітвязьняў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве пачалася пятая штогадовая сустрэча міжнароднага камітэту “Расея ў аб’яднанай Эўропе” – аўтарытэтнай арганізацыі вядомых палітыкаў і экспэртаў зь дзясяткаў кріанаў, мэта якой – праэўрапейскі выбар Расеі. Паводле шэрагу ўдзельнікаў канфэрэнцыі, пытаньне аб інтэграцыі Расеі ў заходні сьвет цяжка абмяркоўваць не закранаючы “беларускае пытаньне”, перадусім – сытуацыю палітзьняволеных.

Галоўныя тэмы сёлетняй двухдзённай сустрэчы Камітэту – “Прыярытэты зьнешняй палітыкі Эўрапейскага зьвязу і пазыцыя Расеі”, а таксама супрацоўніцтва паміж Масквой і Брусэлем на так званай “постсавецкай прасторы”.

Паводле ўдзельнікаў канфэрэнцыі, абедзьве гэтыя тэмы цесна зьвязаныя з ацэнкай сытуацыі ў Беларусі, на якую ў Расеі і Эўразьвязе глядзяць абсалютна па-рознаму.

(Дамброўскі: ) “Беларусь непасрэдна не зьяўляецца прадметам абмеркаваньня ўдзельнікаў канфэрэнцыі, але справа Беларусі, як і справа Грузіі, вельмі істотныя – іх нельга абысьці. Аб гэтым гавораць ня толькі палітыкі ў кулюарах, але і журналісты, усе”, – сказаў нашаму радыё адзін з галоўных арганізатараў канфэрэнцыі, дырэктар Калегіюму Ўсходняй Эўропы Ян Анджэй Дамброўскі.

Хаця ў часе паседжаньняў камітэту “Расея ў аб’яднанай Эўропе” звычайна не прымаюцца нейкія канкрэтныя рашэньні, такія сустрэчы даюць унікальную магчымасць на высокім узроўні, але ў свабоднай атмасфэры абмеркаваць у тым ліку і найбольш вострыя моманты ў дачыненьнях Расеі і Эўразьвязу.

Да іх, паводле намесьніка кіраўніка дэпартамэнту Ўсходяй Эўропы МЗС Польшчы Генрыка Літвіна, належыць і падыход да беларускіх падзеяў.

(Літвін: ) “Палітыкі і аналітыкі высокага эўрапейскага ўзроўню, абмяркоўваючы дачыненьні паміж Расеяй і Эўразьвязам, добра ведаюць што тут фактар Беларусі вельмі істотны. Пра гэта яшчэ ня раз ў часе канфэрэнцыі будуць гаварыць”.

У кулюарах у першы дзень сустрэчы гаворка йшла, сярод іншага, пра галадоўку ў вязьніцы былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна.
XS
SM
MD
LG