Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сытуацыя палітычных вязьняў: тыднёвы агляд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэры беларускай апазыцыі накіравалі ліст жонцы Аляксандра Казуліна адносна ягонай галадоўкі. Мікалай Астрэйка просіць перадаць яму ў калёнію лекі ад сэрца. Цімафей Дранчук ў турме пачаў вывучаць літоўскую мову. Чаго напалохаліся міліцыянты, якія адмовілі Мікалаю Статкевічу ў паездцы ў Менск?

Другі дзень у віцебскай калёніі “Віцьба-3” праводзіць палітычную галадоўку былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Нагадаю, палітык вылучыў шэраг патрабаваньняў, у тым ліку да ўлады – перадаць паўнамоцтвы прэзыдэнта прэм’еру Сяргею Сідорскаму, які мусіць прызначыць новыя выбары. Апазыцыю спадар Казулін заклікае правесьці новы кангрэс дэмакратычных сіл. Арганізацыю аб’яднаных нацый Аляксандр Казулін просіць абмеркаваць беларускія праблемы, сярод якіх галоўная, на яго думку, нелегітымнасьць дзеючай у Беларусі ўлады.

Тым часам некаторыя лідэры апазыцыі, у тым ліку Аляксандр Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Станіслаў Шушкевіч даслалі адкрыты ліст жонцы Казуліна Ірыне. Палітыкі вітаюць змаганьне Аляксандра Казуліна, але просяць яго зьберагчы сілы і не праводзіць галадоўку. Што да ідэі правядзеньня новага кангрэса, яе ўхваляюць, але аўтары ліста просяць дадаткова ўзгадніць мэты гэтага форуму.

“Мы падтрымліваем і іншыя прапановы Аляксандра Казуліна: даць супольную ацэнку вынікаў 10-гадовага панаваньня А.Лукашэнкі пасьля незаконнага рэфэрэндуму 1996 года, ініцыяваць, альбо актывізаваць працэс міжнароднай праўнай ацэнкі прэзыдэнцтва А.Лукашэнкі”, – пішуць аўтары звароту да Аляксандра Казуліна.

Лідэр “Партнэрства” Мікалай Астрэйка, які адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі, просіць маці прывезьці лекі ад сэрца. На будучым тыдні Яўгенія Астрэйка наведае сына ў калёніі. Аказваецца, перадача лекаў абумоўлена пэўнымі патрабаваньнямі з боку адміністрацыі калёніі.

(Астрэйка: ) “Праз мэдычную частку можна перадаць да 2 кіло мэдыкамэнтаў. І тады перададуць і яму, і ягоным сябрам. Раней я перадавала яму лекі і ў ізалятар КДБ, і на “Валадарку”, але цяпер высьвятляецца, што ў яго нічога няма”.

Калега Мікалая Астрэйкі па арганізацыі “Партнэрства” Цімафей Дранчук пачаў у турме вывучаць літоўскую мову. Пра гэта паведаміў бацька актывіста Валер Друнчук са спасылкай на ліст, які днямі атрымаў ад сына. Таксама юнак пачаў рыхтавацца да наступнай студэнцкай сэсіі.

(Дранчук: ) “Да яго вяртаецца творчы настрой. Быў, відаць, нейкі перапад, калі перасялялі з ізалятара ў калёнію, а потым было пахаладаньне, але цяпер усё наладжваецца. Ён вярнуўся да вучобы, мы яму даслалі шмат раздруковак, шмат заданьняў”.

У гэты пэрыяд вельмі актуальным для вязьняў ёсьць пытаньне пра тэмпэратуру ў папраўчых установах. Вось Мікалай Статкевіч паведамляе, што ў інтэрнаце камэндатуры, дзе яго ўтрымліваюць, дагэтуль не ўключылі ацяпленьне. “Ноччу вушы мёрзнуць”, – шчыра прызнаецца палітык. Яшчэ ён паведаміў пра ліст зь міліцыі Менска, зь якога вынікае, што апазыцыянэру няхутка давядзецца ўбачыць сваякоў у Менску.

(Статкевіч: ) “Мяне папярэдзілі, што ў Менск на адпачынак не пусьцяць. Такім чынам, застаюцца Баранавічы”.

Нагадаю, з ліпеня 2005 года палітык адбываў пакараньне “хіміяй” у Баранавічах, але сёлета ўвесну яго перавялі ў Пухавіцкі раён. У Менск апазыцыянэра не пускалі, каб не “дэстабілізаваў становішча ў сталіцы”.

Днямі судзьдзі канчаткова вызначыліся з пачаткам працэсу над лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам. Маладога апазыцыянэра пачнуць судзіць у Кастрычніцкім судзе Менска 30 кастрычніка. Працэс будзе весьці судзьдзя Ала Булаш.
XS
SM
MD
LG