Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: галадоўнікі застануцца на “Белшыне” нанач


Вячаслаў Кулік, Менск У Бабруйску працягваюць галадоўку шасьцёра актывістаў першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу прадпрыемства “Белшына”. Сёньня яны абвясьцілі, што ад панядзелка ня будуць пакідаць завод нават ноччу.

Напярэдадні выходных “Белшыну” наведаў старшыня канцэрну “Белнафтахім” Аляксандар Бароўскі. Удзельнік галадоўкі Міхал Усьціновіч даводзіць, што яму ўдалося пагутарыць з начальнікам зь Менску:

(Бароўскі: ) “Ён мне сказаў: “Вас мала, і вы нічога ня зробіце”. Я ў адказ: “Сёньня нас пяць чалавек, заўтра будзе дванаццаць, пазаўтра — дваццаць”.

Са словаў Міхала Ўсьціновіча, у мінулы чацьвер і пятніцу пяцёра працаўнікоў “Белшыны” далучыліся да галадоўкі, якую яшчэ 3 кастрычніка аб’явіла электрык Алена Захожая. Суразмоўца кажа, што масавая акцыя трывожыць кіраўніцтва прадпрыемства. Міхал Усьціновіч паведамляе, што яго ўжо выклікаў на гутарку генэральны дырэктар Зьміцер Кацярыніч і папярэдзіў, што супраць Алены Захожай будуць уведзеныя абмежаваньні:

(Усьціновіч: ) “Сказаў, што мае намер не дапусьціць яе да працы, каб “не падстаўляць службу аховы працы, начальніка цэху, нібыта”. Я папярэдзіў: Зьміцер Сьцяпанавіч, вы зробіце вялікую памылку. Якое мы рашэньне прынялі? Ад панядзелка група працаўнікоў (пяць чалавек) застаецца на сваіх працоўных месцах”.

(Карэспандэнт: ) “Галадаеце на сваіх працоўных месцах, не пакідаеце прадпрыемства?”

(Усьціновіч: ) “Так, так”.

Сёньня Алена Захожая паведаміла, што дрэнна сябе адчувае, але субота, нядзеля — дні абавязковага адпачынку, а дадатковы ў панядзелак — за інваліднасьць 3-й групы. Праблемы наступнага аўторка жанчына, лічыць, абмяркоўваць заўчасна.



54-гадовая Алена Захожая галадае трэці тыдзень. Яна патрабуе ад кіраўніцтва “Белшыны” выплаціць сябрам суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу даплаты на аздараўленьні й прэміі да Дня хіміка, якія атрымалі ўсе астатнія працаўнікі прадпрыемства. Удзельнікі галадоўкі таксама дамагаюцца афіцыйнай рэгістрацыі першаснай арганізацыі БНП на “Белшыне”.

XS
SM
MD
LG