Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх няма прадстаўнікоў апазыцыі?


Галіна Абакунчык, Менск Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта залежыць ад таго, якія там астатнія людзі”.

(Спадарыня: ) “Апазыцыі, ведаеце, ня ўсе давяраюць. Таму яны там не патрэбныя”.

(Спадарыня: ) “Не, не, не. Я і не пайду ні на якія выбары, пасьля прэзыдэнцкіх. Гэта лахатрон сапраўдны. Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, я ні на якія выбары не пайду!”

(Спадар: ) “Канечне, ніякага даверу ня можа быць. Які можа быць давер, калі там прысутнічаюць толькі зацікаўленыя асобы. Можна з упэўненасьцю сказаць, што там будуць абраныя толькі такія людзі, якія супрацоўнічаюць з уладай і падтрымліваюць яе. Ніякай іншай думкі там ня будзе”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што прадстаўнікі ўсіх партыяў альбо нейкіх арганізацыяў там павінныя быць, канечне. Каб яны былі больш праўдзівыя і чэсныя”.

(Юнак: ) “Ніякіх падстаў для даверу такім камісіям няма. Бо я сам двойчы быў назіральнікам падчас выбараў і бачыў, што калі няма прадстаўнікоў апазыцыі альбо незалежных ад дзяржавы арганізацыяў, то ўсё ідзе так, як хоча гэтая ўлада. І ніякіх шансаў у незалежных кандыдатаў няма”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, не. Сапраўды, павінны ўсё ж быць усе зацікаўленыя бакі. І нават калі гэта апазыцыя, чаму яе адхіляюць ад удзелу – незразумела”.

(Юнак: ) “Хорам: не, не і не. Бо гэтак арганізоўваюцца ўсе выбары, і з кожным разам мы бачым, куды ўсё рухаецца. І бачым, што можа быць толькі горш”.

(Спадар: ) “Канечне, не. А хто ж кантраляваць будзе? У нашым заканадаўстве няма роўнасьці для усіх. У расейскім усё нашмат больш дэмакратычна: ад усіх партыяў па аднаму прадстаўніку. Ня важна, апазыцыя гэта альбо не. Зарэгістраваная партыя – і калі ласка. У нас гэтага няма. Камісіі фармуе ўлада. Што такое ўлада – прэзыдэнт. Ягоная ўлада фармуе камісіі. Пра што можна казаць?!”
XS
SM
MD
LG