Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (14.09-20.10.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

“Нават калі мы не назіраем ніякіх рэакцыяў з боку пацыентаў, гэта не азначае, што ў яго абавязкова адсутнічае сьвядомасьць”.

Кіраўнік навуковай групы доктар Адрыян Оўэн з Кэмбрыджскага цэнтру мозгу – пра хворых, якія знаходзяцца ў каматозным стане.

“Добра, што мы тут такія бабулькі сабраліся такога ўзросту, бо сярод нас ня можа быць ні наркотыкаў, ні алкаголю. Гэтага ўжо нам ну ніяк не прыпішуць, як прыпісалі тым, хто быў на плошчы”.

Кацярына - верніца царквы «Новае жыцьцё», удзельніца галадоўкі.

“Потым, недзе на пятыя суткі, яны высунулі яшчэ два забойствы з сэксуальнымі дамагальніцтвамі. Тады я ўжо зразумеў, што гэта нейкая такая гульня, каб выбіць мяне з каляіны. Я гэта ўспрыняў больш адэкватна. Яны мяне гэтым артыкулам нават павесялілі”.

Павал Красоўскі , апазыцыйны моладзевы актывіст, вызвалены з-пад варты на гэтым тыдні – пра допыты ў справах выбухаў у Віцебску і забойстваў са згвалтаваньнем.

“Тое, што вы сёньня бачыце – гэта праграма, скіраваная на вырашэньне праблем студэнтаў, якія хочуць вучыцца, але больш ня маюць такой магчымасьці альбо сродкаў на гэта ў сваёй уласнай краіне”.

Прэсавы сакратар Эўракамісіі Эма Удвін – пра выдзяленьне 4.5 мільёнаў эўра на навучаньне беларускіх студэнтаў.

“Калі ты кахаеш чалавека, то ніхто іншы табе не патрэбны. А калі ты ня можаш супрацьстаяць сваім інстынктам, то гэта не каханьне. Якое гэта каханьне без вернасьці?!”

Адказ маладой віцеблянкі на пытаньне Свабоды – “Наколькі істотная для вас вернасьць у каханьні?”

“Мы з Смаленскай вобласьці. У пашпарце нешта не ў парадку было, адразу далі дэпартацыю на працягу 10 дзён. Яны гавораць : "Вы грамадзяне Грузіі, ідзіце да вашага Саакашвілі". І ўсё”.

Грузінка, дэпартаваная з Расеі - у інтэрвію радыё Свабода.

“Як я зразумела, галоўнае, чаго б ён хацеў, гэта каб падалі голас міжнародныя арганізацыі. Я наўпрост запытала: калі ты зможаш сказаць, што ўсё — заканчваеш галадоўку? Ён адказаў, што гэта адбудзецца, калі пытаньне адносна Беларусі будзе пастаўленае ў ААН”.

Ірына Казуліна – пра мэту галадоўкі яе мужа, якую Аляксандар Казулін пачаў 20 кастрычніка.

“Хрысьціяне, якія галадаюць у царкве “Новае жыцьцё”, фактычна ствараюць новы фронт супраціву, новую апазыцыю ў Беларусі. Апазыцыю маральную, апазыцыю моцную, апазыцыю дысцыплінаваную”.

Асуджаны да абмежаваньня волі Павал Севярынец – пра галадоўку вернікаў царквы “Новае жыцьцё.

“Усе разумеюць, што вынікі галасаваньня будуць падтасаваныя, і самае галасаваньне ня мае сэнсу па вялікім рахунку. Але ёсьць сэнс выкарыстаць гэтую выбарчую кампанію для прапаганды сваіх каштоўнасьцяў”.

Намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч – пра мэты ўдзелу ў мясцовых выбарах.

“Яны ў нас яшчэ. Ня ведаю калі па іх прыедуць, як гэта юрыдычна ўсё будзе выглядаць. Але каровы не галодныя, мы іх даглядаем”.

Адна з супрацоўніцаў Янаўскага коннага заводу – пра 242 каровы, якія зьбеглі зь Беларусі ў Польшчу.

“Алег Праляскоўскі асабіста сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, і той даў указаньне дапамагчы гэтай царкве, бо яна нармальная”.

Пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка – пра сваю сустрэчу з начальнікам ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім.

“Ён заявіў: “Спыні галадоўку, дай нам дзесяць дзён, мы гэтае пытаньне вырашым”. Я адказала, што не магу, чарговы раз надурыце. Таму, пакуль трымаюся, то буду працягваць галадоўку пратэсту”.

Алена Захожая, электрык ААТ“Белшына»,якая галадае трэці тыдзень – пра перамовы з кіраўніцтвам прадпрыемства.

“6000 даляраў у год – умова для пераходу да дэмакратыі”.

Вядомы амэрыканскі палітоляг Фрэнсыс Фукуяма – у інтэрвію Свабодзе.

“Спадзяваньні ёсьць. Але, дзякуй Богу, няма ілюзіяў”.

Вадзім Пракопчык, сябра «Новага жыцьця», галадоўнік – пра пэрспэктывы вяртаньня храму грамадзе праз Вышэйшы гаспадарчы суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG