Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: трумо


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Жанчыны, як вядома, ва ўсе часы і пры любых абставінах сочаць за сваёй зьнешнасьцю, а таму нават глухой і галоднай паваеннай парой амаль у кожнай хаціне вісела пацьмянелае ад часу і пажарышчаў люстра. Вешалі яго зь невялікім ухілам, пад самай стольлю. Пры канцы пяцідзясятых самыя заможныя беларусы сталі набываць фанэрныя шыфаньеры зь вялікім люстрам на дзьверцы. Яго ўладальніца магла цяпер прымерыць, азіраючы сябе ў поўны рост, новую спадніцу, паправіць прычоску, а то, наблізіўшы твар да люстра, выціснуць прышч на носе. Шыфаньерныя люстры віселі на пярэднім баку дзьверцы і адлюстраваньне ў іх выглядала крыху перакрыўленым.

У першай палове шасьцідзясятых у інтэр’ерах гарадзкіх кватэраў зьявілася трумо. Гэта было высокае люстра, якое мацавалася да нізенькай тумбачкі. Ставілі яго так, каб кожны, хто ўваходзіў у кватэру, мог бачыць ў трумо свой адбітак. Была таксама завядзёнка запіхваць за люстра віншавальныя паштоўкі, а таксама фатакарткі кінаактораў. Трумо адразу стала самым каштоўным элемэнтам інтэр’еру, і пад час пярэбараў гаспадар ехаў у кодабе машыны ўжо не ў абдымку зь фікусам, а трымаў загорнутае ў коўдру люстра. Былі выпадкі, што трумо, сабраўшы грошы з абодвух бакоў, даравалі маладым на вясельле. Па тых часах гэта быў дарагі падарунак, і знаёмцы ды суседзі потым доўга тую падзею абмяркоўвалі. Згадвалі пра такія падарункі і ў песьнях. Так, Мая Крысталінская, чый лірычны вакал панаваў у этэры, з гарэзьлівай інтанацыяй сьпявала: “И подруги к новоселью подарили нам трюмо”.

Пачатак сямідзясятых пазначаны ў аналах савецкага побыту зьяўленьнем трумо ўжо не з адным люстрам, а з двума дадатковымі створкамі. Гэта быў трэльяж ( у простай мове “э” замянялі на “ы” і казалі “трыльяж”). З дапамогаю бакавых створак можна было агледзець патыліцу, і менавіта тады многія мужчыны зь жахам убачылі – якія ў іх разьлеглыя плехі. Тады ж пайшла мода прыкрываць лысіну пасмай валасоў, якую зачэсвалі з-за правага вуха. Трэба заўважыць, што ў трэльяжах быў адзін недахоп: створкі матляліся ў розныя бакі і таму, каб выправіць дэфэкт, штыры, на якіх яны віселі, абкручвалі гумкай.

Да трэльяжу мусілі быць прыстаўленыя нізенькія пуфы – з квадратным альбо круглым седалам. Праўда, былі яны далёка не ва ўсіх кватэрах, бо ў продаж практычна не паступалі. І толькі пазьней пуфы сталі прадаваць у камплекце са спальнымі гарнітурамі. Трумо на той час ўжо выйшла з ужытку, але ў памяць людзкую гэта слова ўелася. Я сам чуў, як дыктарка на радыё, распавядаючы пра візыт у СССР канадзкага прэм’ера П’ера Эліёта Трудо назвала яго П’ерам Эліётам Трумо.
XS
SM
MD
LG