Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 20 кастрычніка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На 21 кастрычніка на менскім пляцы Бангалёр заплянаваны мітынг у падтрымку вернікаў, якія адстойваюць сваё права на карыстаньне малельным домам. Блогер Андрэй Нікалаеў заклікае несьці на мітынг адно сьвечкі, але ніякай сымболікі. Блогер litota_ публікуе ўласныя фотаздымкі з галадоўкі. Вось некаторыя водгукі на галадоўку:

“Ці гэта ёсьць прыкметы новай нацыі, дзе зашквараны прагматызм адыходзіць на іншы плян? Ці не таму дзяржава занепакоеная?”

“Людзі там, нягледзячы на тое, што ўжо 15 сутак галадаюць, выглядаюць даволі натхнёнымі. Усе вельмі дружалюбныя. У мяне шмат знаёмых галадаюць зь імі... Але – сумна гэта”.

“Ратуйце!” – зьвяртаецца да ўдзельнікаў інтэрнэт суполкі Minsk_by карыстальнік, які падпісваецца літарамі sprbll. – “Мяне вытураюць са школы, якая знаходзіцца не ў маім раёне. Нібыта за ўдзел у несанкцыяваным мітынгу (акцыя Салідарнасьці 16-га чэрвеня). Я сапраўды быў затрыманы. У школе пачаліся рэпрэсіі. Сапраўдныя. Гэта ўжо ня доўгія валасы й пірсінг”. Вось некаторыя з камэнтароў:

“Выключаць, і правільна зробяць. Непаўнагадовым трэба ўрокі вучыць, а не па плошчах са значкамі гойсаць”.

“Сёньня гэтыя настаўнікі, баючыся за свае сем’і, выкідаюць вучняў за ўдзел у мітынгах. Заўтра – за тое, што бацька грузін. А пасьлязаўтра ім у дзьверы пагрукаюць…”

Аўтар інтэрнэт-дзёньнікуarbogast разважае пра тое, як беларусы павінны самі сябе называць: “Мурыны ў Амэрыцы дамагліся таго, каб іх звалі “афраамэрыканцамі”. Высьветлілася, што цяпер слова “эскімос” таксама абразьлівае. Цяпер найстарэйшых жыхароў Поўначы трэба зваць “інуітамі”. Можа і беларускамоўным беларусам трэба запатрабаваць, каб іх паліткарэктна звалі “ліцьвінамі”? А расейскамоўныя грамадзяне РБ няхай застаюцца “беларусамі”.

На сайце “Свабоднага тэатру” абвешчаны новы творчы конкурс – спэцпраект “Легенды дзяцінства”. (цытую) “Легенды дзяцінства” – гэта стварэньне сумеснага твору шэрагам драматургаў, чыя працы будуць адабраныя і ўключаныя ў склад спэктаклю, пастаўленага на базе беларускага “Свабоднага тэатру”. На сайце адзначаецца, што першы падобны супольны праект – спэктакль “Мы. Самаідэнтыфікацыя”, быў паказаны ў 8 краінах, і (як напісана) “атрымаў цудоўную ацэнку”.

На пэрсанальным сайце маладой бардэсы Тацяны Беланогай распавядаецца пра нядаўна прэзэнтаваны другі альбом “Пабачыць сьвет”: “Гэты дыск, як і першы, нельга набыць у крамах. Частка песень з альбому “Пабачыць сьвет” будзе зьмешчаная на сайце”. Пакуль можна спампаваць дзьве песьні ў фармаце МР3 – “Балюча” і “Дзеці неба”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі, да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG