Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бульвар ва Ўроцлаве будзе насіць імя гарадзенца Тадэвуша Ясінскага


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ва Ўроцлаве назвалі бульвар імем гарадзенскага хлопца, які загінуў у верасьні 1939-га, калі Горадня баранілася ад чырвонаармейцаў.

Дольнашлёнскі ваявода Кшыштаф Гжэльчык даслаў ліст на імя Анжалікі Борыс — кіраўніцы Саюзу палякаў, што не прызнаецца беларускімі ўладамі. Ён паведамляе, што зьвярнуўся да гарадзкой Рады Ўроцлава з прапановай назваць вуліцу імем Тадэвуша Ясінскага — 13-гадовага школьніка, які загінуў 21 верасьня 1939 году. І дэпутаты гарадзкой Рады вырашылі назваць імем хлопца бульвар у цэнтры гораду.

Спадар Гжэльчык бываў у Горадні, і яму запомнілася гісторыя гібелі Тадэвуша Ясінскага, пачутая ад мясцовых палякаў. Хлопец спрабаваў падпаліць савецкі танк “кактэйлем Молатава”, але няўдала. Яго пахавалі на старых каталіцкіх могілках, але магіла не захавалася. У верасьні 1939-га ў Горадні практычна не было войскаў, і горад спрабавалі бараніць паліцыянты, гімназісты, нават школьнікі. Дольнашлёнскі ваявода піша спадарыні Борыс, што увекавечаньне імя Тадэвуша Ясінскага — гэта жэст салідарнасьці дэпутатаў гарадзкой Рады Уроцлава з беларускімі палякамі.
XS
SM
MD
LG