Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскую фігурыстку дэпартавалі з Расеі разам з маці


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Сярод сотняў грузінскіх грамадзянаў, якіх улады Расеі змусілі пакінуць краіну, апынулася і маладая фігурыстка Алена Гедэванішвілі. 16-гадовая выхаванка вядомага расейскага трэнэра Алены Вадарэзавай, якая сёлета заняла пятае месца на чэмпіянаце Эўропы і была 10-й на алімпіядзе ў Турыне, вярнулася з Масквы ў Тбілісі.

На радзіме юную фігурыстку сустракалі як гераіню. На тбіліскім лётнішчы адбылася ўрачыстая цырымонія, у часе якой выступіў прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.

(Cаакашвілі: ) “Я думаю, што гэта – вялікая страта для Расеі і вялікі набытак для Грузіі. У Расеі ўрачыста сустракаюць выселеных з Грузіі шпіёнаў, а ў Грузіі – выгнаных з Расеі чэмпіёнаў. Мы з радасьцю вітаем чэмпіёнаў, якіх выганяюць з Расеі. І ў гэтым розьніца паміж намі і імі. Я хачу ўганараваць нашу чэмпіёнку адной з вышэйшых дзяржаўных узнагародаў – Ордэнам Гонару”.

У маскоўскі міліцэйскі пастарунак Алену Гедэванішвілі і ейную маці забралі на пачатку кастрычніка, пратрымалі там чатыры гадзіны і адпусьцілі. А праз два дні маці спартоўкі вярнулі пашпарт са штампам пра дэпартацыю. Ёй далі 10 дзён, каб сабрацца і пакінуць Расею.

Алена павінна была вырашыць, ці заставацца ў Маскве адной, ці пакінуць расейскую сталіцу разам з маці. Яна выбрала другое. Ня маючы магчымасьцяў для трэніровак у Тбілісі, Алена зноў зьбіраецца шукаць лядовы каток і трэнэра за мяжой.

(Гедэванішвілі: ) “Яны дэпартавалі маю маці, а я не магла там застацца сама. Таму і я вымушана была выехаць. Цяпер я пляную ехаць у Талін і прадоўжыць трэніроўкі там”.

У Маскве з таленавітай юнай грузінскай фігурысткай працавала прафэсійная каманда, у складзе якой былі такія вядомыя спэцыялісты, як трэнер Алена Вадарэзава і харэограф, артыстка балета зь Вялікага тэатру Алена Матвеева. Дапамагала ім усясьветна вядомая Тацяна Тарасава.

Наступны старт Алены Гедэванішвілі на першым этапе Гран-пры ў Кітаі апынуўся пад пагрозай зрыву. Вадарэзава, ратуючы сытуацыю, дамовілася са сваёй сяброўкай Ганнай Кандрашовай, якая цяпер жыве ў Эстоніі, што Гедэванішвілі часова будзе трэніравацца там.

І ўсё гэта здарылася на пачатку кар’еры таленавітай фігурысткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG