Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава Міколы Купавы (фота)


Галіна Абакунчык, Менск У літаратурным музэі Максіма Багдановіча ў Менску адкрылася выстава Міколы Купавы “Беларускі лёс ХХ стагодзьдзя”. Мастак прысьвяціў яе 100-гадоваму юбілею газэтаў “Наша Ніва” і “Наша Доля”.

Выставу складаюць тыя работы Міколы Купавы, тэматыка якіх зьвязаная зь Вільняй часу заснаваньня і выданьня “Нашай Нівы”. Адной з мэтаў выставы было нагадаць і пра стогадовы юбілей газэты “Наша Доля”, якая таксама пакінула значны сьлед у гісторыі нацыянальнага адраджэньня, кажа спадар Купава:

(Купава: ) “Як і тая “Мужыцкая праўда” — сем нумароў, так і “Наша Доля” — шэсьць нумароў. А фактычна, з гэтага ж усё і пачыналася. Можа быць, гэта “Наша Ніва” сталася працягам, бо тыя ж самыя людзі яе выдавалі”.

У экспазыцыі партрэты заснавальнікаў “Нашай Долі” й “Нашай Нівы” — братоў Івана і Антона Луцкевічаў, выдаўцоў і аўтараў — Янкі Купалы, Цёткі, Максіма Багдановіча, выявы Вільні й яе гістарычных будынкаў. Разам выстаўленыя 23 работы, над якімі мастак працаваў некалькі гадоў. Вось што Мікола Купава гаворыць пра адметнасьць выставы:

(Купава: ) “Яна адметная тым, што тут, на гэтай выставе, караніцца беларуская ідэя. Вось гэта тое, з чаго пачыналася нашае адраджэньне ў ХХ стагодзьдзі. Унутры кожнага твору гэта прысутнічае, так ці гэтак”.

Выстава ў гонар юбілею найстарэйшых беларускіх газэтаў “Наша Доля” і “Наша Ніва” праходзіць у музэі Максіма Багдановіча не выпадкова. Гаворыць навуковая супрацоўніца музэю Ірына Мышкавец:

(Мышкавец: ) “Максім Багдановіч быў цесна зьвязаны з “Нашай Нівай”. Гэтая газэта дала штуршок для разьвіцьця ягоных творчых здольнасьцяў. Літаратурны музэй Максіма Багдановіча ганарыцца тым, што ў фондах мае “Нашу Ніву” і “Нашу Долю” стогадовай даўніны. І калі трымаеш у руках гэтыя газэты, то адчуваеш, што дакранаесься да сапраўднай гісторыі. І такое творчае пераасэнсаваньне Міколам Купавам гэтай тэмы гаворыць пра тое, што мы памятаем, шануем і працягваем распачатае нашымі папярэднікамі”.

Выстава Міколы Купавы “Беларускі лёс ХХ стагодзьдзя” прымеркаваная да 60-гадовага юбілею мастака і 40-годзьдзя ягонай творчасьці.


Супрацоўнікі музэя рыхтуюць выставу


На выставе - партрэт Івана Луцкевіча


Наведнікі выставы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG