Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Споўнілася 2 гады з дня забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня родныя й калегі Веранікі наведалі могілкі ў Калодзішчах, дзе ўшанавалі яе памяць. За два гады сьледзтва так і не знайшло забойцу журналісткі. Генэральны сакратар Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў Айдан Уайт днямі накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку з заклікам аднавіць расьсьледаваньне забойства.

Ушанаваньне памяці Веранікі Чаркасавай пачалося сёньня прэсавай канфэрэнцыяй у Беларускай асацыяцыі журналістаў. Кіраўніцтва БАЖ нагадала, што зроблена за гэтыя два гады, каб грамадзтва магло даведацца праўду пра забойства Веранікі Чаркасавай. Гаворыць журналіст Сяргей Сацук, які праводзіў уласнае расьсьледаваньне:

(Сацук: ) “Мінула два гады з моманту гібелі Веранікі Чаркасавай, і на жаль, самыя пэсымістычныя прагнозы, якія рабіліся на яе пахаваньні, што яе забойца ня будзе знойдзены, і што гэтая справа будзе расьсьледавацца абы-як, спраўджваюцца. Сам факт, што сьледзтва прыпыненае, гаворыць пра тое, што ў іх няма за што зачапіцца, няма фактаў, на падставе якіх можна далей працягваць расьсьледаваньне”.

Таму Сяргей Сацук лічыць дзіўным аптымізм прадстаўніка менскай гарадзкой пракуратуры Сяргея Іванова, які днямі ў інтэрвію газэце “Звязда” сказаў, што справа пра забойства Веранікі Чаркасавай небезнадзейная і можа быць даведзеная да канца. Яго таксама абурае, што спадар Іваноў лічыць, што гэтае забойства не было папярэдне сплянаванае. Вынікі журналісцкага расьсьледаваньня Сяргея Сацука сьведчаць пра іншае. Але ў пракуратуры да іх не прыслухаліся.

А вось што сказала маці Веранікі Дыяна Чаркасава:

(Чаркасава: ) “Сьледзтва за два гады павінна было хоць нешта сказаць у гэтай справе. Але ў іх тыя ж самыя вэрсіі, даслоўна тыя ж словы, якія былі два гады таму. Складваецца ўражаньне, альбо яны бясьсільныя наўмысна, альбо ім проста няма чаго сказаць. Таму што ня можа быць так, каб прафэсіяналы высокай клясы, як яны пра сябе гавораць, каб яны былі настолькі бездапаможныя ў гэтай справе”.

Спадарыня Чаркасава гаворыць: добра, што хоць сьледчыя больш не чапаюць непаўналетняга сына Веранікі Антона, які быў адным з галоўных падазраваных у забойстве.

Два дні таму ў штаб-кватэры Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў у Брусэлі абмяркоўваліся забойствы журналістаў у Беларусі, Расеі і Ўкраіне, у тым ліку і справа Веранікі Чаркасавай. Генэральны сакратар гэтай арганізацыі Айдан Ўайт зьвярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, у якім заклікае беларускага кіраўніка аднавіць расьсьледаваньне забойства журналісткі.


Кветкі на магілу В.Чаркасавай ускладае віцэ-старшыня БАЖ Андрэй Бастунец


Калегі Веранікі Чаркасавай


Айчым Веранікі Чаркасавай Уладзімер Мялешка (другі зьлева) і сын Антон Філімонаў (трэці зьлева)



Вераніка Чаркасава была знойдзеная забітай ва ўласнай кватэры 20 кастрычніка 2004 году. На яе целе было больш за 40 нажавых ранаў. Даволі працяглы час у забойстве падазравалі яе непаўналетняга сына Антона Філімонава і айчыма Ўладзімера Мялешку. Сьледзтва больш схілялася да бытавой вэрсіі забойства. Але калегі Чаркасавай не выключаюць, што гэта было пакараньне за прафэсійную дзейнасьць. Паводле адной з вэрсіяў, журналістка праводзіла ўласную праверку падзеяў вакол аднаго зь беларускіх банкаў, які падазраваўся ЗША ў нелегальных кантактах з рэжымам Садама Хусэйна.

XS
SM
MD
LG