Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмсілы спалучаць падрыхтоўку да мясцовых выбараў і да Кангрэсу


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску палітрада аб’яднаных дэмсілаў абмяркоўвала пытаньні, зьвязаныя з правядзеньнем новага кангрэсу. Бальшыня суб’ектаў кааліцыі выказваецца за правядзеньне кангрэсу ў наступным годзе. Вылучэньне дэлегатаў на кангрэс вырашана сумясьціць з удзелам у мясцовых выбарах.

Праз два тыдні пачынаецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Бальшыня ўдзельнікаў палітрады выказалася за сумяшчэньне дзьвюх кампаніяў — вылучэньня кандыдатаў і падрыхтоўку да новага кангрэсу дэмсілаў. Рашэньне бальшыні камэнтуе лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Але я па-ранейшаму лічу, што кангрэс у гэтых умовах ня варта праводзіць. Ён мала што дадасьць. Гэта як бы адыход трошкі ўбок ад працы з насельніцтвам. Але паколькі большасьць вырашыла, што трэба праводзіць кангрэс, я таксама буду ўдельнічаць у кангрэсе, але пры пэўнай умове: калі на кангрэсе будзе абраны лідэр і гэты лідэр будзе мець значныя паўнамоцтвы. Гэта будзе дэманстрацыя таго, што мы ўсё ж згодныя працаваць разам”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў:

(Вячорка: ) “Асноўныя пытаньні — наша супраца падчас і пасьля мясцовых выбараў. І пытаньне кангрэсу — гэта складовая частка гэтага пытаньня, бо калі мы ідзем у мясцовую кампанію, каб працаваць зь людзьмі, каб выкарыстаць гэтую кампанію як легальную магчымасьць заручыцца падтрымкай грамадзянаў, то лягічна, што тыя, хто заручыцца, могуць удзельнічаць у прыняцьці важных унутраных палітычных рашэньняў. Таму я ня думаю, што трэба фэтышызаваць кангрэс, але як складовая частка нашай арганізацыйнай стратэгіі на наступны год ён можа быць”.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, дэлегатам на кангрэс можа стаць той, хто набраў 300 подпісаў за сваё вылучэньне кандыдатам у дэпутаты альбо столькі ж подпісаў пад палітычным пасланьнем “За свабоду”.

(Лябедзька: ) “Гэта адкрывае мажлівасьці працы як тых, хто непасрэдна ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі, так і адкрывае дзьверы тым, хто ня хоча вылучацца кандыдатам у дэпутаты, але хацеў бы быць дэлегатам кангрэсу. Гэта канцэпцыя “два ў адным”: спалучэньне палітычнай кампаніі “мясцовыя выбары” і падрыхтоўка да кангрэсу. Нявызначанымі засталіся некалькі пазыцыяў, якія тычацца пытаньня кіроўных структураў, якія абіраюцца на кангрэсе, якія ў іх функцыі і паўнамоцтвы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG