Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін пачаў галадоўку пратэсту (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле сваякоў і адваката Аляксандра Казуліна, ён, як і абяцаў, распачаў палітычную галадоўку. Былы кандыдат на прэзыдэнта дамагаецца прызначэньня новых выбараў і разгляду беларускага пытаньня ў ААН.

Пра тое, што зранку 20 кастрычніка Аляксандар Казулін пачаў галадоўку, паведамляюць жонка палітыка Ірына Казуліна й ягоны адвакат Ігар Рынкевіч. Паводле Ірыны Казулінай, яе муж папярэдзіў адміністрацыю калёніі “Віцьба-3” пра пачатак галадоўкі з раніцы 20 кастрычніка і нават атрымаў абяцаньне, што прымусова яго ня будуць выводзіць з галадоўкі.

(Казуліна: ) “Мне ён сказаў пра дамову з адміністрацыяй, што ня будуць яго прымусова карміць.Толькі ў выпадку, калі страціць прытомнасьць”.

Адвакат Ігар Рынкевіч спасылаецца на супрацоўніка адміністрацыі калёніі, які раніцай 20 кастрычніка не адмаўляў, што Аляксандар Казулін пачаў галадоўку, але выказваў меркаваньне, што, магчыма, “гэта галадоўка ў лекавых мэтах”.

Між тым, тэлефоны начальніка калёніі “Віцьба-3” і ягонага намесьніка не адказвалі ўвесь дзень. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў адмаўляліся камэнтаваць зьвесткі пра галадоўку Аляксандра Казуліна.

Чаго дамагаецца былы кандыдат на прэзыдэнта? Раней у лісьце з турмы Аляксандар Казулін пісаў, што ягоная галадоўка ня мае на мэце зьмену ўмоваў утрыманьня ў турме, а выкліканая палітычнымі прычынамі. Палітык лічыць сакавіцкія выбары неадбытымі — і таму патрабуе, каб паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы перайшлі ад Аляксандра Лукашэнкі прэм’еру Сяргею Сідорскаму, які мусіць прызначыць новыя выбары.

Пэўных захадаў спадар Казулін патрабуе і ад апазыцыі. У прыватнасьці, тэрміновага правядзеньня кангрэсу дэмакратычных сілаў. За тры дні да пачатку галадоўкі Аляксандар Казулін сказаў сваякам, што спыніць галадоўку, калі “праблемы Беларусі будуць разгледжаныя ў ААН”.

Ці рэальна дамагчыся праз галадоўку таго, што патрабуе Аляксандар Казулін? Вядомы апазыцыянэр Валер Леванеўскі за два гады ў турме ня раз трымаў галадоўкі пратэсту. Ён мяркуе, што ў палітычным пляне акцыя Аляксандра Казуліна вельмі важная.

(Леванеўскі: ) “Ён правільна ставіць асноўнае пытаньне — пра нелегітымнасьць дзейнага прэзыдэнта. Ён вызначыў гэтую праблему, ён паказвае, што не скарыўся і ў турме, што працягвае змагацца. І гэта вельмі важна, бо ён цяпер флягман беларускай апазыцыі, ад якога шмат што залежыць”.

Валер Леванеўскі мяркуе, што дасягнуць мэтаў палітычнай галадоўкі зь першага разу немагчыма, і таму ён прапанаваў Аляксандру Казуліну праводзіць галадоўку за некалькі этапаў.

Як патлумачыў адвакат палітыка Ігар Рынкевіч, паводле закону адміністрацыя калёніі мусіць цягам трох дзён паведаміць пра галадоўку свайму кіраўніцтву й пракурору, які назірае за зьняволеным. Пасьля гэтага з асуджаным, які абвясьціў галадоўку, мусіць сустрэцца пракурор.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка ўжо адказалі на лісты жонкі Казуліна Ірыны, у якіх яна пытаецца пра стаўленьне да ідэі яе мужа правесьці новы кангрэс дэмакратычных сілаў. Паводле Ірыны Казулінай, гэтыя палітыкі з такой прапановай згодныя. Жонка Казуліна паведаміла таксама, што кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада, лідэрам якой зьяўляецца Казулін, рыхтуе зварот ў ААН, каб прыцягнуць увагу да беларускай праблемы.

Тым часам стала вядома, што праваабарончая арганізацыя “Наша Беларусь” заклікала Аляксандра Казуліна не пачынаць галадоўку, а захаваць сілы й здароўе для барацьбы на волі.

Нагадаем, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў 25 сакавіка. Вінаватым ён сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі матывамі.
XS
SM
MD
LG