Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд адмовіў дэпутату Алесю Чыгіру ў аднаўленьні на працы


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Бабруйскі суд адмовіў дэпутату гарсавету Алесю Чыгіру ў аднаўленьні на працы. Заяўнік ня згодны з прычынамі звальненьня й патрабуе, каб гарадзкі аддзел адукацыі аднавіў яго на працы настаўніка.

20 кастрычніка судзьдзя Бабруйскага гарадзкога суду Валянціна Голуб адхіліла патрабаваньні дэпутата мясцовага гарсавету Алеся Чыгіра, які хацеў аднавіцца на працы. Заяўнік, які працаваў у школе настаўнікам гісторыі, кажа, што ў яго застаецца магчымасьць абскардзіць такое рашэньне.

(Чыгір: ) “Буду падаваць касацыйную скаргу ў Магілёўскі абласны суд. Фактычна, як цяпер даводзяць, мяне ня звольнілі. Тлумачаць, што не падоўжылі кантракту. І таму дазволу сэсіі гарадзкога савету на гэта не патрабуецца. Кантракт быў на два гады, і працаваў я настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе №8 гораду Бабруйску”.

(Карэспандэнт: ) “Вы спадзяваліся на іншае рашэньне суду?”

(Чыгір: ) “Я не чакаў іншага рашэньня. Паседжаньне было кароткае. Хутчэй за ўсё, матэрыялы былі падрыхтаваныя загадзя. Казалі, што ў мяне быў прагул 25 сакавіка. Але гэта была субота. Да гэтага ў суботу ніколі не было ўрокаў. Тады ж нібыта быў загад дырэктара школы, каб усе настаўнікі знаходзіліся ў школе. А я ў гэты дзень паехаў у Менск на плошчу”.

Алесь Чыгір даводзіць, што ў Беларусі цяпер існуе перасьлед настаўнікаў за палітычныя перакананьні. Суразмоўца нагадвае пра звальненьні настаўнікаў, дэпутатаў мясцовых саветаў Леаніда Гаравога ў Гарадку й Яўгена Пракурата ў Белаазёрску.

(Чыгір: ) “Тут вельмі простая сыстэма. Настаўнік — гэта чалавек, які закладае падмурак сьвядомасьці наступнага пакаленьня. Калі настаўнік імкнецца да свабоды, то і яго выхаванцы будуць сьвядомыя. А вось калі настаўніка зробяць рабом (а менавіта гэта прадугледжвае кантрактная сыстэма), то й наступнаму пакаленьню гэта пагражае”.

Пазбаўлены працы настаўнік мае трох непаўналетніх дзяцей. Каб утрымліваць сям’ю, Алесь уладкаваўся цяпер на працу ў незалежную газэту “Бабруйскі кур’ер”. Гэтымі днямі матэрыяльную падтрымку сям’і Чыгіра аказала рэлігійнае Брацтва трох віленскіх пакутнікаў.
XS
SM
MD
LG