Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 кастрычніка пройдзе зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў


Валянціна Аксак, Менск Чарговы зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, нягледзячы на створаныя ўладамі перашкоды, адбудзецца ў нядзелю, 22 кастрычніка. Рашэньне пра гэта прыняла Рада СБП.

Некалькі месяцаў таму ўлады канчаткова выселілі Саюз пісьменьнікаў з Дому літаратара і цяпер нават за грошы адмовілі ў правядзеньні ў ім зьезду. Адмовіла ў арэндзе і адміністрацыя некалькіх іншых заляў у цэнтры сталіцы. На сёньня ёсьць дамова пра арэнду ў іншым месцы. Гаворыць першы намесьнік старшыні СБП Барыс Пятровіч.

(Пятровіч: ) “Самая галоўная думка, якая гучала на Радзе, і, думаю, будзе гучаць з вуснаў дэлегатаў зьезду, – трэба захаваць арганізацыю ў гэтай складанай сытуацыі, трэба вучыцца выжываць без дапамогі дзяржавы, без надзеі на нейкую дапамогу ўвогуле”.

Рада заклікае ўсіх пісьменьнікаў прыехаць на зьезд і пацьвердзіць сваё сяброўства ў СБП.

(Пятровіч: ) “Мы прагаласавалі, каб перад пачаткам зьезду правесьці перарэгістрацыю сяброў, прыняць заявы ад іх пра тое, што яны застаюцца ў нашым Саюзе. І гэтая перарэгістрацыі можа працягвацца і пасьля зьезду, таму што могуць ня ўсе прыехаць тыя, хто хоча застацца ў нашым Саюзе”.

Працэдура пацьверджаньня свайго сяброўства выкліканая тым, што некаторыя сябры СБП , не падаючы заяваў на выхад зь яго, уступілі ў створаны ўладамі новы пісьменьніцкі саюз. чым парушылі статут СБП. Учора, пасьля доўгіх спрэчак, Рада Саюзу беларускіх пісьменьнікаў выключыла са сваіх шэрагаў кіраўніка дзяржаўнага беларускага радыё для замежнага вяшчаньня паэта Навума Гальпяровіча, галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка” празаіка Ўладзімера Ліпскага і яшчэ дзясятак сваіх былых сяброў з фармулёўкай “за парушэньне статуту”

Апрача таго Рада СБП прыняла ў свае шэрагі вядомых пісьменьнікаў з-за мяжы: старшыню Нацыянальнай супольнасьці пісьменьнікаў Украіны Ўладзімера Яварыўскага і яшчэ чатырох вядомых украінскіх літаратараў, а таксама нямецкага перакладчыка прафэсара Бэрлінскага ўнівэрсытэту Норбэрта Рандаў, баўгарскага пісьменьніка Найдана Вылчава і старшыню Саюзу пісьменьнікаўЛітвы Ёнаса Ліняўскаса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG