Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 год “Нашай нівы”: “З яго мовы смяяліся старшыя браты…”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Казка “Дудар” Тамаша Булавы ў “Нашай Ніве” сто год таму.

За подпісам Тамаш Булава “Наша Ніва” надрукавала казку “Дудар”, фрагмэнт якой прапаную вашай увазе: “Меншы Брат маўчаў. Яму не давалі гаварыць на той мові, на каторай гаварыў ён сам з сабою, з сваімі думкамі, з лесам. З яго мовы смяяліся старшыя браты. “Гавары ты так, як гавару я, — кажэ Старшы Брат — і не страхай ты мову люцкую. Твая мова — немая мова. Што сказаў ты свету на сваім языку? Дзе песні твае? Хто чытаў твае думкі, работу твайго розуму і сэрца? Дзе песняры твае? Чым ты пахвалішся?” “Лепшэй мовы я ня чуў. Гавару, як знаю. Брат! Хто доўга маўчаў, таму хочэцца многа гаварыць… Скажу табе казку. Пасадзіў пан дудара ў глыбокім склепі, за каменые сцены. Кажэ яму пан: “Грай мне на дудцы, каб я чуў твае песні, і тагды я пазволю табе спеваць людзям песні, дарую право расказваць свету пра думкі твае”. Праз каменые сцены не выбілася песня дудара, і ніхто яго не пачуў. — “Ты павінен маўчаць! — кажэ пан дудару, — бо песня твая нічога не сказала майму сэрцу. Нехай астаюцца ў табе твае думкі і песні”. І дудара з таго часу слухало пустое поле, балота і лес. Брат! Усе мы шукалі шчасця, толькі шлі мы не адзінакімі дарогамі. Табе хоць трохі свяціло сонцэ, а я шоў, як у ночы. Запалім жэ мы лучыны і пойдзем ешчэ шукаць долі, будзем памагаць адзін другому, а як заблудзіць хто з нас, падамо яму голас. Не смейцеся ж, браты, і не адбірайце ў мяне таго, што можэ адабраць толькі Бог”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG