Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 сутак доўжылася галадоўка Анатоля Куліка


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Наваполацку сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Анатоль Кулік спыняе галадоўку, пачатую 4 кастрычніка. Раней наша радыё паведамляла, што гэта была акцыя палітычнай падтрымкі Аляксандра Казуліна. Паводле словаў Анатоля Куліка, у часе галадоўкі ён не пакідаў працы ў адной з прыватных кампаніяў.

Гэта другая сёлета палітычная галадоўка Анатоля Куліка. Першую ён праводзіў супраць інаўгурацыі прэзыдэнта Лукашэнкі. Цяперашнюю акцыю таксама называе палітычнай і яе прычыны тлумачыць так:

(Кулік: ) “Сам Казулін мае адчуваць і ведаць, што падтрымка ёсьць і будзе. Асабліва за яго ўчынкі і дзейнасьць. Вось гэта мне імпануе. Гэтыя пастарункі і краты ня зломяць мужных людзей”.

Са словаў Анатоля Куліка, ён зьяўляецца сябрам БНФ ад 1988 году, быў удзельнікам першага зьезду руху, узначальваў гарадзкую арганізацыю Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, быў абраны дэпутатам Наваполацкага гарсавету. Суразмоўца кажа, што калі даведаўся пра зварот палітвязьня Аляксандра Казуліна да грамадзянаў Беларусі і пра яго намеры пачаць у кастрычніку бестэрміновую галадоўку, дык адразу вырашыў падаць знак салідарнасьці:

(Кулік: ) “Калі моцныя суполкі, палітычныя партыі, то яны мусяць больш буйныя акцыі рабіць. А адзін чалавек што можа? Вось галадаваць. Гэта так, гэта яго справа. А разам трэба рабіць больш буйныя акцыі. Каб улада адчувала, што ёсьць палітычная сіла, а не адзінкі. Падзеі пакажуць, што будзе далей з Казуліным. Можа, яшчэ што будзем вырашаць, і трэба будзе вырашаць”.

Анатолю Куліку – за 60 гадоў. Нельга абысьці пытаньне пра здароўе, нават калі голас чалавека падаецца бадзёрым.

(Кулік: ) “Вытрымаў, дзякуй Богу. Як кажуць, трэба ня толькі мужнае сэрца мець, але яшчэ і моцнае”.

* * * Тым часам у Бабруйску на прадпрыемстве “Белшына” ўжо трэці тыдзень доўжыцца акцыя пратэсту актывісткі Беларускага незалежнага прафсаюзу Алены Захожай. Да галадоўкі напярэдадні далучыліся чатыры работнікі “Белшыны”, і сёньня магчыма новае папаўненьне. Галадоўнікі патрабуюць ад кіраўнікоў “Белшыны” вызначыць юрыдычны адрас для першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу, каб пасьля зарэгістраваць яе ў Бабруйскім гарвыканкаме.
XS
SM
MD
LG