Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартуе праграма Эўракамісіі для падтрымкі беларускіх студэнтаў


Радыё Свабода Ад сёньняшняга дня – пачатку акадэмічнага году ў шэрагу эўрапейскіх унівэрсытэтаў – стартуе новая праграма Эўрапейскай камісіі для падтрымкі беларускіх студэнтаў.

“Беларусы блізкія сэрцам эўрапейцаў, і эўрапейцы хочуць дапамагчы тым зь іх, хто цярпіць у выніку сваіх палітычных дзеяньняў, такіх нармальных ва ўмовах дэмакратыі”, – заявіла ў Брусэлі ў сувязі з адкрыцьцём новага праекту эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр.

Праграма прадугледжвае падрыхтоўку магістраў і бакаляўраў сярод беларускай моладзі. Кандыдаты на вучобу адбіраюцца групаю эўрапейскіх экспэртаў. Гэта тыя беларускія студэнты, якім з палітычных прычынаў недаступная адукацыя на радзіме. Стыпэндыі Эўракамісіі дазволяць маладым беларусам аплаціць ня толькі сваё замежнае навучаньне, але таксама й жытло, страхоўку, іншыя неабходныя рэчы.

Бюджэт праекту – 5 мільёнаў эўра. Праект разьлічаны на тры гады.

Новая праграма ажыцьцяўляецца пад патранатам Рады міністраў паўночнаэўрапейскіх краінаў і правінцыяў – Даніі, Ісьляндыі, Швэцыі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Элянду, Грэнляндыі і Фарэрскіх астравоў.
XS
SM
MD
LG