Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Оргіш: “Апазыцыя спрабуе прабіць сьцяну лбом”


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага недзяржаўнага друку за 20 кастрычніка.

Палітоляг Вячаслаў Оргіш на старонках “Народнай волі” разважае пра тактыку апазыцыі напярэдадні чарговай выбарчай кампаніі. На думку экспэрта, дэмакратычныя сілы ў часе выбараў у мясцовыя саветы зробяць звыклую памылку ды прайграюць. Апазыцыя ўспрымае выбарчую кампанію толькі як магчымасьць кантактаваць з электаратам, заяўляць пра сябе, але нічога ня робіць для рэальнай перамогі. Для таго, каб перамагчы на выбарах, трэба дамагацца іншых, больш справядлівых умоваў іх правядзеньня, іначай, піша Вячаслаў Оргіш, гэта будзе чарговай спробай прабіць сьцяну лбом.

У Мядзеле прайшло сьвята народнага рамяства над назвай “Камарова – кола дзён”, піша “Рэгіянальная газета”. Апавядае журналістка Марына Сьліж:

(Сьліж: ) “Арганізатарам сьвята стаў цэнтар разьвіцьця вясковага прадпрымальніцтва Камарова. Праходзіла яно на тэрыторыі вельмі прыгожага старажытнага архітэктурна-паркавага комплексу “Сядзіба Хамінскіх-Старжынскіх”. Сьвята народнага рамяства ў Камарове ладзіцца не ўпершыню, толькі раней яно зьбірала майстроў з аднаго Мядзельскага раёну. Майстры займаліся тым, што разглядалі вырабы адзін аднаго, заводзілі паміж сабой знаёмствы і праводзілі для калегаў майстар-клясы”.

“Брестская газета” апавядае пра тое, як у мінулую нядзелю ў Берасьці шукалі супэрмадэль сьвету. Кастынг прыгажуняў адбываўся ў рамках нацыянальнага адборачнага туру конкурсу “Супэрмадэль сьвету-2007”. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі амэрыканскага агенцтва “Ford Models”, а таксама беларускай “Студыі моды Сяргея Нагорнага”. Прэтэндэнтак на ўдзел у конкурсе спачатку адбіраюць у абласных цэнтрах, а потым адбываецца фінал у Менску. Летась супэрмадэльлю сьвету была прызнаная беларуска Кацярына Даманькова, сёлета беларуска Анастасія Нікіфарава стала “Міні-міс сусьвету”.
XS
SM
MD
LG