Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольны Альбіён 1966 году


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Адзін з самых яркіх успамінаў юнацтва – чэмпіянат сьвету 1966 году ў Англіі. Тымі днямі, калі ішлі трансьляцыі матчаў, наша кватэра нагадвала вясковы клюб. Тэлевізараў было мала, і паглядзець футбол прыходзіла процьма народу. Хварэлі, вядома, за савецкую дружыну. А яшчэ больш – за менскага форварда, сябра зборнай Эдуарда Малафеева. Першая гульня, як памятаю, была з камандай Паўночнай Карэі. На 15-й хвіліне кумір беларускіх заўзятараў уварваўся ў штрафную пляцоўку карэйцаў, прабіў па брамах, але мячык паляцеў ня толькі вышэй папярочкі, але й пераляцеў праз трыбуны. І ўсё ж першы гол у тым матчы забіў Малафееў.

Радасьці не было межаў. Асабліва шалеў сусед з восьмай кватэры. “Эдзік! Хто ж яшчэ можа забіваць?!” – гукаў ён на ўвесь пад’езд, і за сьценкай змучана ўздыхала ды варочалася ў ложку мая маці. У яе ўвесь час балела галава, і яна не цярпела галасу. У самым канцы матча Малафееў забіў яшчэ адзін гол, і сусед з восьмай кватэры пабег абмываць перамогу. Менскі дынамавец вызначыўся потым у гульні з партугальцамі: дабіў мячык пасьля ўдару Славы Мэтрэвелі. Аднак савецкія журналісты запісалі гол на рахунак грузінскага форварда.

Тэлетрансьляцыі ішлі зь перашкодамі. Раз-пораз “карцінка” наагул зьнікала, і нехта з маскоўскай студыі паведамляў, што перашкоды ўзьнікаюць па-за межамі краіны. Тэлесыгнал ішоў праз Заходнюю Нямеччыну, і ўсе былі перакананыя, што гэта заходнія немцы не даюць паглядзець футбол. Іх тады іначай як фашыстамі не называлі.

Футбольны лёс склаўся так, што СССР і Заходняя Нямеччына сустрэліся ў паўфінале. Калі абвесьцілі склады каманд і прозьвішчы рэфэры – а судзіў матч італіец Лё Бэла, -- сусед з восьмай кватэры, які сядзеў поруч са мной на падлозе, аўтарытэтна заявіў: “Усё, можна не глядзець… засудзіць”. Матч для саветаў склаўся няўдала: спачатку атрымаў траўму паўабаронца Ёжэф Саба, а потым “падкавалі” – было такое папулярнае слова – і форварда Ігара Чысьленку. У апошняга здалі нэрвы, ён даў немцу пад зад і быў выдалены з поля. Матч той савецкая дружына прайграла, і гэтую няўдачу сьпісалі на недысцыплінаванасьць Чысьленкі. Гулец гэты неўзабаве павесіў буцы на цьвік, і скончыў жыцьцё ў галечы. Несамавітым быў лёс і некаторых іншых удзельнікаў чэмпіянату. Валеры Варонін, якога ўважалі за лепшага паўабаронцу Эўропы, загінуў пад коламі машыны, калі перапаўзаў, упіты, праспэкт Андропава ў Маскве, а адзін зь лепшых абаронцаў краіны Ўладзімер Панамароў зьвёў рахункі з жыцьцём, кінуўшыся ў лесьвічны пралёт.

За ўсю гісторыю сваіх выступаў на чэмпіянатах сьвету зборная СССР толькі аднойчы заваявала мэдалі. Здарылася гэта – а атрымала яна тады “бронзу” – на палях футбольнага Альбіёну 1966 году.
XS
SM
MD
LG