Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа -- 19 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Вітаю вас і сьпяшаюся нагадаць, чым жыў сёньня беларускі Інтэрнэт.

Адной з галоўных тэмаў у беларускім Сеціве сёньня была “эміграцыя” беларускіх кароў у Польшчу. На форумах парталу tut.by у разьдзеле “Палітыка” wad піша: “Эх, сумная будзе карціна. За буронкамі прыедзе калёна грузавікоў, самі ведаеце, пад выглядам калгасьнікаў прыедуць людзі ў чорным, з правадкамі з вушэй. А потым на берасьцейскім мясакамбінаце замест “Кракаўскай” выпусьцяць новы гатунак каўбасы “Разьвітаньне з радзімай”. А наведвальнік Медвед задумаўся: “Цікава, што скажуць пра гэта на БТ? “Каровы, набытыя амэрыканскімі спэцслужбамі, кінуліся да сваіх заходніх гаспадароў?”. PRISRAK пытаецца: “А ў кароўніках знайшлі шпрыцы і порначасопісы? А вось maymun выказвае здагадку: “Заўтра БРСМаўцы будуць піць жбанкі згушчонкі ля сьцен амбасады РП”.

Галадоўка пратэстантаў працягвае зьвяртаць на сябе ўвагу. На сайце царквы ”Новае жыцьцё” сёньня зьявілася такое паведамленьне: “Стан здароўя большасьці ўдзельнікаў акцыі “Пост-галадоўка” здавальняючы”, — пра гэта заявіў рэаніматоляг Арцём Адаменка. Скаргі ўдзельнікаў акцыі тыповыя для тых, хто галадае: слабасьць, галаўны боль, боль у вобласьці храбту. Стан некаторых усё ж выклікае непакой у мэдыкаў, таму што ў іх вельмі нізкі артэрыяльны ціск. Паводле словаў Арцёма Адаменкі, нізкі ціск, які ў гэтым выпадку выкліканы нізкім водным балянсам, можа выклікаць сур’ёзны збой у рабоце нырак і сэрца. “Магчыма, хутка нам давядзецца прымаць рашэньне, ці могуць гэтыя людзі працягваць галадаць з мэдычнага пункту гледжаньня”, — адзначыў спэцыяліст.

На сайце ”Нашы дзеткі” абмяркоўваецца беларускамоўны дзіцячы садок №187. julker піша: “Мне выхавацелька нашая новая падабаецца. Дзеці ўвесь час нечым занятыя. А аднойчы я падслухала пад дзьвярыма. Яна сварылася на дзяцей за штосьці там. Дык вось сварылася па-беларуску. Я такога дагэтуль ня чула”. На што Kryscina заўважае: “Ня ўсё так безнадзейна, як пачынала здавацца!”

Раю вам зазірнуць на сайт Беларуская жаба” Тут зьмешчаны відэаролік. Дакумэнтальныя здымкі: Аляксандар Лукашэнка сьпявае песьню Валерыя Абадзінскага. Праўда, аўтары роліку апрацавалі голас выканаўцы.

А таксама не забывайцеся дасылаць свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустрэнемся…
XS
SM
MD
LG