Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма пераадолець крызіс СНД?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 18 кастрычніка) Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы й палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Прыкметаў крызысу СНД даволі шмат. Гэта перанос саміту арганізацыі, які павінен быў адбыцца ў Менску, з прычыны сур’ёзных рознагалосьсяў наконт рэфармаваньня садружнасьці. На сустрэчу міністраў замежных справаў у беларускую сталіцу мінулым тыднем зьявіліся толькі чатыры міністры замест дванаццаці. Але найбольш яскравым паказчыкам крызысу стаў востры палітычны канфлікт паміж сябрамі СНД Расеяй і Грузіяй. Прычым, нават не было спробы вырашыць яго ў рамках СНД, што, мусіць, стала яшчэ адным доказам недзеяздольнасьці арганізацыі. У чым прычына гэтага крызысу? І ці магчыма яго пераадолець?”

(Кірыл Коктыш: ) “СНД была створаная пасьля распаду СССР. Нейкай дакладнай агульнапрызнанай мэты яе існаваньня не было вызначана. Яе разумелі па-рознаму. Адны разумелі функцыю СНД як захаваньне савецкай спадчыны. Нехта вызначаў яе як сродак разводу рэспублік СССР. У Расеі СНД разумелі як арганізацыю, якая падтрымлівае ілюзію захаваньня савецкай прасторы і дачыненьняў паміж былымі савецкімі народамі.

Але СНД не атрымалася як сродак эканамічнай інтэграцыі. Эканамічныя стасункі разьвіваліся на двухбаковых дачыненьнях паміж краінамі СНД.

Пасьля памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне Расея пераагледзела сваю палітыку адносна СНД. Да гэтага часу палітыка будавалася на ельцынскай ідэалёгіі, што Расея павінна дапамагаць прарасейскім элітам у краінах СНД, не абгрунтоўваючы гэта эканамічнай прагматыкай.

І вось пасьля памаранчавай рэвалюцыі перагледжаны сам канцэпт “прарасейскасьці”. Крамлёўскі чыноўнік нават заявіў, што прарасейскіх элітаў увогуле не існавала. Таму цяпер міталягічная палітыка замяняецца больш прагматычнай палітыкай. І крызыс СНД — гэта крызыс тых высноваў, на якіх будавалася гэтая арганізацыя.

Дарэчы, у Расеі крызыс толькі з трыма краінамі СНД: Беларусьсю, Украінай і Грузіяй. Зь іншымі краінамі СНД у Масквы пабудаваныя сталыя прагматычныя дачыненьні. А прычыну сапсаваных дачыненьняў з Грузіяй трэба шукаць ва ўнутраных грузінскіх праблемах”.

(Фёдараў: ) “Спачатку СНД стваралася як нашчадак СССР з захаваньнем усіх эканамічных і палітычных сувязяў паміж рэспублікамі. Але з часам стала зразумела, што шмат якія эканамічныя сувязі былі штучныя і ва ўмовах рынкавай эканомікі падтрымлівацца ня могуць. Такія сувязі пачалі распадацца. Эліты, якія прыйшлі да ўлады ў краінах СНД, не хацелі ахвяраваць сувэрэнітэтам і ўладай на карысьць нейкага цэнтру.

Таму СНД як дзейсная арганізацыя паступова зьнікае. Яскравым пацьверджаньнем гэтага стаў перанос юбілейнага саміту СНД, на якім нібыта павінны былі прыняць рашэньне пра рэформу садружнасьці.

Я ня згодзен з вэрсіяй, што прычынай пераносу стала нязгода з канцэпцыяй рэфармаваньня СНД, прапанаванай быццам бы Казахстанам. Рэч у тым, што водгукі на гэтыя прапановы пайшлі ўжо пасьля пераносу саміту.

Падаецца, што галоўнай прычынай быў усё ж расейска-грузінскі крызыс. Пасьля таго, як Пуцін параўнаў Саакашвілі зь Берыяй, цяжка ўявіць, як яны могуць сядзець за адным сталом і весьці перамовы. Акрамя таго, кіраўнікі краінаў СНД публічна не падтрымалі Расею ў гэтым канфлікце”.

(Коктыш: ) “Перанос саміту СНД, калі перакласьці з дыпляматычнай мовы на звычайную, гэта рэакцыя на прэс-канфэрэнцыю Лукашэнкі 29 верасьня, дзе ён рэзка выказаўся наконт Расеі. І рэч нават ня ў рэзкіх выказваньнях, а ў тым, што Лукашэнка выкарыстаў расейска-грузінскае абвастрэньне дачыненьняў дзеля ціску на Расею.

Грузінскі крызыс ня мог быць прычынай пераносу саміту. Па-першае, грузінскі кіраўнік і так ня ўсе саміты СНД наведвае. Па-другое, і цяпер наўрад ці Саакашвілі прыехаў бы на такі саміт”.

(Фёдараў: ) “Хацеў бы запярэчыць. Пасьля таго, як расейска-грузінскі крызыс абвастрыўся, Саакашвілі заявіў, што гатовы сустрэцца з Пуціным дзе заўгодна. Не выключана, што ён мог выкарыстаць для гэтага саміт СНД”.

(Карбалевіч: ) “Наконт таго, ці хутка канец СНД. Калі лічыць, што сёньня садружнасьць — гэта клюб, пляцоўка для сустрэчаў, то СНД нікому не дапамагае і не перашкаджае, таму можа існаваць вельмі доўга. Садружнасьць нацыяў на чале зь Вялікабрытаніяй існуе ўжо шмат гадоў, і ніхто яе не зьбіраецца ліквідаваць”.

(Фёдараў: ) “Калі я кажу пра канец СНД, то маю на ўвазе не фармальны роспуск. Сапраўды яна можа існаваць доўга, нават не ладзячы сустрэчаў. Гаворка ідзе пра арганізацыю, якая дзейнічае на аснове свайго статуту й выконвае функцыі, якія там запісаныя. І вось менавіта ў такім выглядзе яе хтосьці спрабуе захаваць”.

(Карбалевіч: ) “Пазыцыя Беларусі ў гэтым пытаньні даволі супярэчлівая. Лукашэнка быў не задаволены пераносам саміту СНД, пакрытыкаваў за гэта Расею. Таксама ён выказаўся супраць прапанаванай Казахстанам рэформы арганізацыі. На сустрэчы зь міністрамі замежных справаў садружнасьці на мінулым тыдні кіраўнік Беларусі зноў пакрытыкаваў пазыцыю Масквы. А што прапануе Беларусь? Пакуль толькі чуваць заклікі захаваць СНД і жорсткая крытыка нейкіх ананімных сілаў, якія, нібыта, хочуць разбураць гэтую арганізацыю. Дык у чым сутнасьць пазыцыі Беларусі? Ці яе проста няма, а ёсьць чыста піяр-захады?”

(Коктыш: ) “Так, найперш гэта піяр. СНД — гэта нейкая абстракцыя. А вось беларуска-расейскія стасункі —рэальнасьць. І тут шмат нявырашаных пытаньняў. Галоўнае палягае ў тым, што Масква ня хоча ў такім аб’ёме аплачваць прарасейскую рыторыку Лукашэнкі”.

(Фёдараў: ) “Беларусь цяпер імкнецца знайсьці сабе саюзьнікаў у СНД супраць расейскага ціску. І гэта пацьвярджае візыт азэрбайджанскага прэзыдэнта ў Менск. Таму ў такой пазыцыі прэзыдэнта Беларусі ёсьць ня толькі піяраўскія матывы, але й прагматычныя. Іншая рэч, ці атрымаецца гэта”.

(Карбалевіч: ) “Адбыўся першы ў гісторыі афіцыйны візыт прэзыдэнта Азэрбайджану Аліева ў Беларусь. Адчыняюцца амбасады, расьце гандаль паміж краінамі. Ці ёсьць пэрспэктывы разьвіцьця супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам? І, можа, двухбаковыя дачыненьні — гэта і ёсьць мадэль дачыненьняў у межах СНД?”

(Коктыш: ) “Пра пэрспэктыўныя дачыненьні між краінамі ў нафтавай сфэры можна было б казаць, калі б у Азэрбайджану была лішняя нафта. Усе ягоныя нафтавыя запасы закантрактаваныя. Азэрбайджану не хапае 20 мільёнаў тон нафты, каб запоўніць нафтаправод Баку—Джэйхан. А гэта стратэгічна прыярытэтны праект для краіны. Афіцыйны Баку шукае магчымасьць купіць нафту ў дзяржаваў Сярэдняй Азіі. Таму для Беларусі яе няма.

Патрэбна стварыць пэўную інфраструктуру і Беларусі, каб атрымліваць нафту з поўдня. Трэба будаваць новы нафтаправод ад украінскіх Бродаў да Наваполацку. Але пакуль ня вырашана пытаньне, чым яго запоўніць.

Аліеў адмовіўся забясьпечыць Беларусі прывілеі ў распрацоўцы азэрбайджанскай нафты. Беларусі прапаноўваецца ўдзельнічаць у тэндэрах на агульных умовах

Таму ніякіх прарываў у дачыненьнях паміж дзьвюма краінамі не назіраецца. І ўсе афіцыйныя паведамленьні пра пэрспэктывы дачыненьняў хутчэй падобныя на піяр-захады”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, у двухбаковых дачыненьнях ёсьць яшчэ два аспэкты. Найперш, гэта палітычны. Палітычныя рэжымы ў Азербайджане й Беларусі даволі падобныя. І, па другое, магчымае і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва дзьвюх краінаў. Я зьвярнуў бы ўвагу, што напярэдадні візыту ў Менск Аліева міністар абароны Армэніі прыняў беларускага амбасадара. З улікам напружаных адносінаў між Азэрбайджанам і Армэніяй гэты факт вельмі паказальны”.

(Фёдараў: ) “Сапраўды, у гэтых дачыненьнях можна весьці гаворку пакуль толькі пра намеры. Незразумела, ці зможа Азэрбайджан атрымаць нафту з Казахстану, ці моцна патрэбна Азэрбайджану прадукцыя беларускай прамысловасьці. Але ўзьнікае пытаньне: чаму менавіта цяпер пачалося гэтае збліжэньне? Ужо 15 гадоў незалежныя дзяржавы разам зьяўляюцца сябрамі СНД.

Гейдар Аліеў быў у добрых адносінах з Лукашэнкам. Нафта ў Азэрбайджану была заўсёды. Таму я зноў вяртаюся да сваёй думкі, што кіраўніцтва Беларусі шукае саюзьнікаў у зьвязку з крызісам дачыненьняў з Расеяй з-за пытаньня цэнаў на энэргарэсурсы. Спачатку Менск нібыта знайшоў нафту ў Вэнэсуэле, цяпер вось у Азэрбайджане”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, апошнія падзеі на постсавецкай прасторы яшчэ раз засьведчылі, што СНД знаходзіцца ў глыбокім крызысе. Магчыма, перанос акцэнтаў на двухбаковыя дачыненьні — галоўны кірунак разьвіцьця для сябраў гэтай арганізацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG