Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кансультацыі беларускіх чыноўнікаў у Жэнэве зьяўляюцца нефармальнымі


Валер Каліноўскі, Менск Кансультацыі віцэ-прэм’ера ўраду Беларусі Андрэя Кабякова, намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Пяткевіч і міністра юстыцыі Віктара Галаванава ў Жэнэве носяць нефармальны характар. Ніякіх высноваў па іх выніках зроблена ня будзе, паведаміў нашаму радыё выканаўчы дырэктар Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Кары Тапіёла, які бярэ ўдзел у гэтых перамовах.

Спадар Тапіёла зазначыў, што сустрэчы беларускай урадавай дэлегацыі ў Жэнэве адбываюцца на ініцыятыву беларускага боку.

“Сёньня й заўтра мы нефармальна абмяркоўваем выкананьне Беларусьсю рэкамэндацыяў Дасьледчай камісіі МАП 2004 году. Сярод іншага мы абмяркоўваем апошнія дапаўненьні ў прэзыдэнцкі дэкрэт аб рэгістрацыі прафсаюзаў і іншых няўрадавых арганізацыяў, а таксама канцэпцыю новага закону аб прафсаюзах. Гэта нефармальныя кансультацыі й канфідэнцыйны абмен інфармацыяй. Пасьля іх ніякія высновы не могуць і ня будуць зробленыя. Любыя высновы наконт таго, як Беларусь выконвае рэкамэндацыі 2004 году, могуць быць зробленыя толькі тымі органамі, якія адказваюць за стандарты ў гэтай галіне, — у прыватнасьці, Камітэтам у справе свабоды асацыяцыяў Міжнароднай арганізацыі працы”, — паведаміў нашаму радыё выканаўчы дырэктар гэтай арганізацыі Кары Тапіёла.

Нагадаем, што ў 2004 годзе Міжнародная арганізацыя працы накіравала ўраду Беларусі рэкамэндацыі, як спрасьціць рэгістрацыю і дзейнасьць незалежных прафсаюзаў. Казалася й пра неабходнасьць спыніць ціск на іх актывістаў, даць ім магчымасьць весьці дыялёг з урадам наконт працоўных і сацыяльных пытаньняў.
XS
SM
MD
LG