Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя камуністы судзяцца з праўладнымі


Галіна Абакунчык, Менск У Цэнтральным судзе Менску распачаўся суд паводле пазову Партыі камуністаў Беларускай пра абарону гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі. Партыя Сяргея Калякіна дамагаецца, каб прызналі непраўдзівымі зьвесткі, што распаўсюдзілі першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) Тацяна Голубева й газэта “Коммунист Беларуси”.

У судовым паседжаньні Сяргей Калякін выступіў з прамовай, у якой дакумэнтальна засьведчыў, што дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Тацяна Голубева падчас зьезду сваёй партыі 18 ліпеня распаўсюдзіла непраўдзівыя зьвесткі.

У дакладзе яна паведаміла, што на паседжаньні прысутнічаюць дэлегаты ад партыі Сяргея Калякіна, што зьезд зьяўляецца аб’яднаўчым на плятформе КПБ. Лідэр Партыі камуністаў Беларускай заявіў, што з праўладнай КПБ у калякінцаў не было і ня будзе нічога агульнага, што ніякіх дэлегатаў і аб’яднаньня на тым зьезьдзе не было.

Сяргей Калякін патрабуе таксама абвяржэньня ў газэце “Коммунист Беларуси”, якая перадрукавала даклад. Мэту свайго пазову ў інтэрвію “Свабодзе” спадар Калякін патлумачыў гэтак:

(Калякін: ) “Мы разумеем, што дамагчыся нейкага станоўчага рашэньня паводле нашай заявы будзе немагчыма. Але сёньня адказчыкі з КПБ, яе першы сакратар Тацяна Голубева, сакратар ЦК Атаманаў, які прадстаўляе інтарэсы газэты “Коммунист Беларуси”, вымушаныя самі адмаўляцца ад таго, што да гэтага зьезду мае дачыненьне Партыя камуністаў Беларуская. Гэта дастаткова, каб тыя, хто хлусіў, гэта публічна абвяргалі”.

Пракамэнтаваць выстаўленыя абвінавачаньні Тацяна Голубева, а таксама прадстаўнік газэты Георгі Атаманаў адмовіліся. Раней Партыя камуністаў Беларуская выстаўляла аналягічныя пазовы да дзяржаўных газэтаў “Белорусская нива” і “Рэспубліка”, якія таксама апублікавалі інфармацыю пра нібыта аб’яднаўчы зьезд камуністаў. Гэтыя пазовы задаволеныя не былі. Але нават пры такім выніку намагацца прыцягнуць да адказнасьці прадстаўнікоў праўладных структураў неабходна, кажа лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Ведаючы, што ў Беларусі няма незалежнай судовай сыстэмы, зьвяртацца з пазовам да тых, хто хлусіць, — гэта вялікая рызыка. Цяжка выйграць, і страціш час. Але ўсё ж гэта трэба рабіць, каб не даваць мажлівасьці прапагандзе заяўляць, што калі не апэлююць да нашай так званай судовай сыстэмы — значыць, праўда на нашым баку”.

Суд паміж камуністамі партыі ПКБ і КПБ будзе прадоўжаны бліжэйшымі днямі.
XS
SM
MD
LG