Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўжо 11 месяцаў ня мае амбасадара ў Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава. Рашэньне ў гэтай справе дагэтуль не прынятае, – заявіў нам высокапастаўлены прадстаўнік МЗС Польшчы, бо, паводле ягоных словаў, дагэтуль няма “спрыяльных абставінаў” каб накіраваць у Беларусь новага пасла.

Апошні амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк быў адкліканы ў Варшаву для кансультацыяў летась напрыканцы ліпеня ў разгар канфлікту вакол непрызнаванага афіцыйным Менскам, але прызнанага Варшавай кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс.

Восеньню пасол Паўляк вярнуўся ў Менск, але праз кароткі час, у лістападзе, на ўласнае жаданьне зышоў у адстаўку. Ужо ў студзені-лютым сёлета, Міністэрства замежных справаў Польшчы заяўляла, што новы польскі амбасадар - паводле неафіцыйнай інфармацыі Хенрык Літвін - з’явіцца ў Менску яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, але так не здарылася. Спадар Літвін працягвае працаваць намесьнікам кіраўніка дэпартамэнту Усходняй Эўропы МЗС Польшчы. Ён сказаў нашаму радыё.

(Літвін: ) “Рашэньня аб прызначэньні амбасадара ў Беларусь няма. З фармальнага боку падрыхтоўка зробленая, але няма палітычнага рашэньня ў гэтай справе, якое прымае не МЗС. Відавочна цяперашні стан дачыненьняў паміж Польшчай і Беларусьсю не дазваляе зрабіць гэты крок”.

Паводле словаў польскага дыплямата, адсутнасьць пасла Польшчы ў Беларусі, гэта не прычына, а наступства цяперашняга стану польска-беларускіх дачыненьняў. Спадар Літвін кажа, што ў дадзены момант цяжка вызначыць канкрэтны тэрмін прызначэньня новага пасла.

(Літвін: ) “Можна толькі сказаць, што ў часе, калі стан дачыненьняў паміж Польшчай і Беларусьсю дазволіць зрабіць такі крок – ён будзе зроблены. Але акрэсьліць канкрэтную дату было б на дадзены момант вельмі цяжка”
XS
SM
MD
LG