Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Беларускіх кароў вяртаюць на радзіму (абноўлены)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы пачаўся працэс «вяртаньня» на Берасьцейшчыну статку беларускіх кароваў, якія ў мінулую нядзелю ўвечары на вачах у зьдзіўленых памежнікаў раптоўна пераплылі памежную раку Буг. На Берасьцейшчыну выехаў першы транспарт з трох адпаведна абсталяваных грузавікоў.

На польскай тэрыторыі 242 беларускія каровы знаходзіліся пад сталым наглядам вэтэрынара – іх кармілі і паілі. Павятовы вэтэрынарны лекар зь Бялай Падляскі Радамір Банько сказаў нашаму радыё, што ўсе «імігранткі» ў добрым стане і іхняе вяртаньне ў Беларусь ужо пачалося.

(Банько: ) «Так, працэс вяртаньня ідзе. Першы транспарт напэўна ўжо прыехаў у той саўгас у вёсцы Рудавец. Я сёньня быў на месцы, кантраляваў загрузку. На жаль, мы маем абмежаваныя магчымасьці – толькі тры адпаведна абсталяваныя грузавікі - і нельга адразу усіх кароваў завезьці ў Беларусь. Але першая група - 72 жывёліны ўжо там”.

Спадар Банько кажа, што вяртаньне кароваў у Беларусь затрымліваецца з-за таго, што беларускі бок ня змог знайсьці адпаведны транспарт, так што статак даводзіцца вывозіць польскімі машынамі.

(Банько: ) “Беларускі бок ня змог падаць такі транспарт, які б адпавядаў нашым стандартам –быў дастаткова шчыльны і гэтак далей. Тады яны папрасілі нас арганізаваць перавозку – мы так і зрабілі”.

Паводле словаў вэтэрынарнага лекара, працэс вяртаньня кароваў у Беларусь запавольваюць таксама памежныя фармальнасьці, якіх нельга пазьбегнуць, таму нельга сказаць дакладна, калі ўсё скончыцца.

Ня ведаюць гэтага і на Янаўскім конным заводзе, які даў часовы прытулак для “імігрантак”.

(Супрацоўніца: ) “Нельга дакладна сказаць. Грузавікі прыехалі, забралі частку жывёлаў. Калі ўсіх забяруць – ня ведаю, ня ведаю”, - сказала адна з супрацоўніцаў адміністрацыі заводу.

Пакуль невядома, хто і як заплаціць за ўтрыманьне і транспарціроўку беларускіх кароваў на радзіму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG