Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня 14-ты дзень галадоўкі пратэстантаў


Альгерд Невяроўскі, Менск У будынку поўнаэвангельскай царквы “Новае жыцьцё” ў Менску 14-ты дзень працягваецца галадоўка. Гэтае начы ў будынку царквы знаходзілася 137 чалавек. У розных рэгіёнах Беларусі галадаюць 153 вернікі. Кіраўніцтва царквы “Новае жыцьцё” цяпер рыхтуецца да мітынгу 21 кастрычніка на плошчы Бангалор і да разбору справы ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Я прыехаў у царкву “Новае жыцьцё” сёньня раніцай, калі ўдзельнікі акцыі посту-галадоўкі толькі прачыналіся. Працаваў толькі прэсавы цэнтар пратэстанцкай супольнасьці. Пра асноўныя задачы, якія цяпер стаяць перад кіраўніцтвам царквы, распавёў юрыст Сяргей Луканін:

(Луканін: ) “Ноч прайшла спакойна, ніякіх здарэньняў з учорашняга вечара не адбылося. Цяпер мы рыхтуемся да мітынгу, які пачнецца ў суботу а 18-й гадзіне. Ужо цяпер відавочна, што праблема царквы “Новае жыцьцё” — гэта вынік недасканаласьці беларускага рэлігійнага заканадаўства. Да нас далучаюцца пастыры зь Менску і іншых гарадоў Беларусі. І ўсе яны гавораць, што на тым ці іншым узроўні яны сутыкаюцца з такімі жа праблемамі. Гэтыя праблемы паўстаюць з-за недасканаласьці закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў”. Менавіта гэтая праблема цяпер выходзіць на першы плян”.

Сяргей Луканін гаворыць, што цэрквы поўнага Эвангельля будуць супольна дамагацца адмены найбольш рэпрэсіўных палажэньняў гэтага закону.

Другой важнай праблемай кіраўнікі царквы “Новае жыцьцё” лічаць падрыхтоўку да разгляду іхняй скаргі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. Абскардзіць рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі, які абавязаў пратэстантаў перадаць будынак царквы гарадзкім уладам з атрыманьнем невялікай кампэнсацыі, параіў начальнікі ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алег Праляскоўскі. Паводле Праляскоўскага, трэба знайсьці прававое разьвязаньне праблемы. Скарга ў суд была пададзеная ўчора.

За ўвесь час свайго існаваньня “Новае жыцьцё” не аднойчы спрабавала абараніць свае правы ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, але безвынікова. На гэты раз пастар Вячаслаў Ганчарэнка ды іншыя кіраўнікі гэтай супольнасьці спадзяюцца на станоўчае рашэньне. А вось галадоўнікі не настолькі аптымістычныя. Гаворыць Вольга Нікіціна-Кунчэўская:

(Нікіціна-Кунчэўская: ) “Асабіста я, ведаючы нашага прэзыдэнта, яго атачэньне, сумняваюся. Яны могуць аддаць будынак, каб замазаць гэты канфлікт, каб яго не было. І каб пра гэта замаўчалі. Але, мне здаецца, справа зайшла ўжо надта далёка”.

А вось меркаваньне Вадзіма Пракопчыка:

(Пракопчык: ) “Спадзяваньні ёсьць. Але, дзякуй Богу, няма ілюзіяў. Маё асабістае меркаваньне — пакуль мы ня будзем мець канкрэтных папераў, усе словы застаюцца толькі словамі”.

Удзельнікі галадоўкі гавораць, што адчуваюць сябе нармальна, і пакуль ніхто не зьбіраецца спыняць пост.

Сёньня царква “Новае жыцьцё” накіравала кіраўніцтву тэлеканалу СТВ ліст з патрабаваньнем абвергнуць распаўсюджаную каналам непраўдзівую інфармацыю пра галадоўнікоў.

Галадоўка-пост вернікаў царквы “Новае жыцьцё” пачалася ўвечары 5 кастрычніка. 17 вернікаў выказалі пратэст супраць рашэньня суду, які абавязаў пратэстантаў перадаць да 9 кастрычніка будынак царквы Менгарвыканкаму. Гарадзкія ўлады выплацілі “Новаму жыцьцю” сымбалічную кампэнсацыю за вялікі будынак — каля 17 тысячаў даляраў. Неўзабаве да галадоўкі далучыліся многія вернікі іншых цэркваў з розных рэгіёнаў Беларусі. Галадоўнікі патрабуюць спыніць ціск на царкву й прызнаць будынак культавым памяшканьнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG