Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх кароў вяртаюць з Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Як паведаміў павятовы вэтэрынарны лекар зь Белай Падляскі Радамір Банько, першая фура з 72 каровамі пад аховай памежнікаў пераехала беларуска-польскую мяжу.

Вяртаньне зацягнулася з-за таго, што ў беларускага боку не аказалася транспарту, які адпавядаў бы польскім стандартам перавозу жывёлаў. Таму прыйшлося скарыстацца машынамі польскага фэрмэра.

Вялікі статак беларускіх кароваў нелегальна перайшоў (пераплыў па рацэ Буг) беларуска-польскую мяжу некалькі дзён таму.

Статак з 242 беларускіх кароваў, якія пасьвіліся на лузе непадалёк ад мяжы, падышоў да ракі Буг, па якой праходзіць беларуска-польская мяжа, каб напіцца. Паводле сьведкаў, раптам каровы пачулі як мычыць карова на польскім баку мяжы і, нібыта падпарадкоўваючыся нейкаму загаду, кінуліся ў ваду і хутка пераплылі раку, апынуўшыся на польскай тэрыторыі каля гарадка Янаў Падляшскі, што паміж Тэрэспалем і Семятычамі.

"Імігрантак” з-за іх супраціву не ўдалося адправіць назад у Беларусь. На дапамогу прыйшлі супрацоўнікі Янаўскага коннага заводу, дзе гадуюцца таксама і каровы - беларускіх кароваў, як сказаў кіраўнік заводу Марэк Трэля, “у межах міжнароднай салідарнасьці надбужанскіх земляробаў” накармілі і паставілі ў хлявы. Нечаканых гасьцей агледзеў польскі вэтэрынар.

Спадар Трэля, аднак, падкрэсьліў, што не ўхваляе такіх формаў іміграцыі і хацеў бы, каб каровы як мага хутчэй вярнуліся ў Беларусь.

Памежнікі адзначаюць, што гэта першы ў гісторыі выпадак “настолькі масавага пераходу хатніх жывёлаў зь Беларусі на тэрыторыю Эўразьвязу”.
XS
SM
MD
LG